Читать «Нацыянальная ідэя ў сучасным свеце» онлайн - страница 16

Анатоль Астапенка

Разглядваючы праблему нацый, нельга абмінуць яшчэ адзін пункт гледжання на гэтую праблему, што зусім нядаўна панаваў у ідэалагічнай платформе КПСС і вызначаў курс развіцця ўсяго Савецкага Саюзу. Ідэолагі марксізма-ленінізма лічылі, што буржуазныя нацыі ў хуткім часе ператворацца ў сацыялістычныя нацыі. Зразумела, гэта тычылася і Беларусі. У «эпахальнай» кнізе «Фарміраванне і развіццё беларускай сацыялістычнай нацыі», напісанай калектывам вучоных АН БССР, гаварылася: «Фарміраванне сацыялістычных нацый у нашай краіне звязана з пэўным этапам грамадзянскага развіцця, яно абумоўлена новымі заканамернасцямі сацыялістычнага ладу (курсіў мой. — А.А.). Сацыялістычныя нацыі карэнным чынам адрозніваюцца ад буружуазных нацый. У аснове іх фарміравання ляжаць агульныя заканамеранасці, уласцівыя ўсім сацыялістычным нацыям». Аднак з развалам СССР, крахам дзяржаўнасці камуністычнай ідэалогіі, зніклі і ўяўленні аб асаблівых «сацыялістычных нацыях» як новай прагрэсіўнай форме развіцця чалавецтва. Некаторыя з нацый былога СССР хутка зноў сталі «буржуазнымі», як, напрыклад, прыбалты, а некаторыя найбольш пацярпелыя ад жадання хутчэй увайсці ў камунізм, чаму нібыта спрыяла паспяховае выконванне дырэктывы КПСС аб ліквідацыі сваёй нацянальнай мовы і поўнага ўваходжання ў сферу дзеяння іншай (рускай) культуры, — упусцілі шмат часу і зараз з вялікай цяжкасцю адбудоўваюць сваю нацыянальнасць. Гэта, ў прыватнасці, тычыцца беларускай нацыі.

Адной з істотных рысаў нацыі з’яўляецца нацыянальная свядомасць людзей — суб’ектаў нацыі. Яна з’яўляецца суб’ектыўным фактарам, які ўздзейнічае нават на развіццё мовы. Цяперашні антыглабалізм ёсць рэакцыя суб’ектыўнага нацыянальнага фактару, гэта рэакцыя нацыі на глабалізм як сучасную форму імперыялізму (космапалітызму, інтэрнацыяналізму т г.д.)

1.2.4. Мадэрнісцка-прымардыяльная дыхатамія

Як мы ўжо казалі, «нацыя» паняцце адносна новае і шматзначнае. У заходнееўрапейскай традыцыі (англаамерыканскай) і ўсходнееўрапейскай (Савецкі Саюз, Югаславія) склаліся розныя падыходы да канцэпцыі нацыі. Асноўным пунктам разыходжання ў гэтых падыходах з’яўляюцца адносіны нацыі і дзяржавы. У усходнееўрапейскай навуцы канцэпцыя нацыі не прывязываецца да дзяржавы. Еўрапейскі падыход вызначаецца большым ўпорам на рэалізацыю менавіта нацыі-дзяржавы. Пасля распаду СССР і ўтварэння шэрагу новых краін ва Усходняй Еўропе адбыліся змены і ў канцэпцыі нацый гэтых краін, якая пачала набліжацца да заходнееўрапейскай і адкінула тэорыю «сацыялістычнай нацыі».

Хаця самыя словы «нацыя», «нацыяналізм» з’явіляся нядаўна, у сучасны момант склаліся два розныя падыходы да самаго працэсу ўтварэння нацый.

Згодна першай канцэпцыі: нацыі маюць свае вытокі ў самой прыродзе і з’яўляюцца вечнымі. Гэтую канцэпцыю будзем называць прымардыяльнай (першапачатковай — ад англ. слова primordial). Другая канцэпцыя грунтуецца на тым, што нацыі з’ява сучасная, яны ўзніклі зусім нядаўна (канец ХVIII — ХІХ ст.). Такую канцэпцыю лагічна назваць мадэрнісцкай. Мадэрнісцкая тэорыя разглядвае нацыю як сацыяльную сувязь, якая не ўзнікае з гістарычнай неабходнасці, а больш як маральны і ірацыянальны чыннік. Пачатак гэтаму падыходу даў, як мы ўжо адзначалі вышэй, — Эрнэст Рэнан. Прымардыяльная канцэпцыя грунтуецца на тым, што нацыі існавалі да сучаснасці. Аднак і пры такім падыходзе няма падстаў сцвярджаць, што нацыі — натуральная з’ява, пачатак якой з вытокаў чалавецтва. Яна можа ўзнікнуць і не ў нашы часы, але праз сукупнасць гістарычных выпадковасцей, «збег акалічнасцей». Нацыя, такім чынам можа ўзнікнуць чыста выпадкова.