Читать «Нацыянальная ідэя ў сучасным свеце» онлайн - страница 18

Анатоль Астапенка

Вырашэнне прымардыяльна-мадэрністскай дыхатаміі задача не простая, бо абодва падыходы маюць сваю моцную аргументацыю і кожны з іх мае рацыю ў пэўных гістарычных прыкладах. Арыгінальны падыход прапанаваў Энтані Сміт7. Яго цэнтральная думка ў тым, што карані этнічнасці былі прадастаўлены ўжо ў «прад-сучасны» час і грунтуюцца на міфах, помніках, сімвалах і на памерах этніі (ethnie), якія адрозніваюць іх ад іншых сацыяльных груп. Выключна з таго факта, што этнія існуе ўжо ў прадсучасны час, аналіз Э. Сміта выяўляе ўздзеянне гэтага факта на фізіягноміку сучасных нацый і фармуе нацыяналізм, па якому нацыі з’яўляюцца сучаснымі, але іх этнічныя карані з’яўляюцца прад-сучаснымі. Гэтыя аргументы абмяжоўваюць спробы сучасных палітычных эліт спрасціць працэсы нацыянальнага фармавання.

Даследуючы працэс утварэння нацый былой Югаславіі, В. Ракіц прыходзіць да высновы, што і прымардыяльны і мадэрнісцкі падыходы не выключаюць адзін аднаго, а правільнасць іх выбару задача будучай універсальнай тэорыі.

На нашую думку, разгледжаная дыхатамія не складае істотна процілеглых пунктаў гледжання на адну і тую ж праблему. Абедзве канцыпцыі — і прымардыяльная і мадэрнісцкая — маюць права на існаваннне. Яны тычацца проста адначаснага праяўлення розных з’яў, ці розных часоў праяўлення адной з’явы, і узаемна адна адну дапаўняюць. Аднак, што тычыцца канкрэтнага сучаснага азначэння нацыі, то яму больш уласцівыя і сучасныя падыходы да ўтварэння нацый, а гэта значыць мадэрнісцкая канцэпцыя нацыі.

1.2.5. Этнасы і нацыі праз прызму эвалюцыі

Глыбока і шматбакова даследваў праблему этнасу гісторык, географ і этнограф Леў Гумілёў. Дзеля таго каб каб пазбегнуць неадназначнасцей у трактоўцы тэрмінаў, Л. Гумілёў з самага пачатку фармулюе свой падыход. «Народ, народнасць, нацыя, племя, радавы саюз — усе гэтыя паняцці абазначаюцца ў этналогіі тэрмінам этнас. Умовіцца аб значэнні любога тэрміна лёгка, але гэта мала што дае, хіба толькі зыходную пазіцыю для даследвання».

На нашую думку нельга пагадзіцца з такім падыходам у пытаннях эвалюцыі чалавецтва, бо азначэнне раглядваемых тэрмінаў істотна не толькі для зыходнай пазіцыі, як гэта лічыць Леў Гумилёў, а і канцавых вынікаў. Зводзіць усе пытанні — род, племя, народ, этнас, нацыя да аднаго — этнасу, як гэта робіць Л. Гумілёў, было б мэтазгодным пры разглядзе мінулых гістарычных падзей, але не прымальныя пры прагназаванні будучыні ў палітычнай філасофіі.

У адрозненне ад Л. Гумілёва сучасны нямецкі філосаф Курт Хюбнер прытрымліваецца зусім іншай пазіцыі ў разглядваемай намі праблеме. Усе катэгорыі людскіх супольнасцей К. Хюбнер зводзіць да адной — нацыі. Нацыю ён, фактычна, атаясамлівае з паняццямі народ і этнас, і экстрапалюе іх існаванне на ўсю гісторыю чалавецтва. Гэтая пазіцыя з нашага пункту гледжання таксама не рацыянальная, аднабаковая. Яна не дае магчымасці прасачыць пакрокава за эвалюцыйным ланцужком: род → племя → этнас → нацыя, які мы разглядалі ў п. 1.1–1.2.