Читать «Нацыянальная ідэя ў сучасным свеце» онлайн - страница 14

Анатоль Астапенка

Існуе некалькі канцэпцый стварэння нацый. Разгледзім галоўныя з іх на прыкладзе працэса стварэння польскай нацыі і прагноза яе будучыні. Анджэй Валіцкі, аналізуючы працэс стварэння польскай нацыі, вызначае тры канцэпцыі. Карысна прасачыць за гэтым працэсам у гістарычным плане, бо ён аналагічны для многіх іншых нацыянальных утварэнняў іншых дзяржаў.

Па-першае, яшчэ ў ХVІІІ ст. была створаная палітычная канцэпцыя Хуга Калантая, стваральніка так званай Травенскай канстытуцыі, якая адстойвала моўную і культурную аднастайнасць Польшчы, адмену статуса аўтаномнасці ВКЛ і скасаванне дзейнасці яго знакамітага статута.

Згодна А. Валіцкаму, пасля раздзелу Рэчы Паспалітай выявілася тры канцэпцыі будучыні польскай нацыі: шматкультурная, уніяцкая і федэратыўная.

Шматкультурная канцэпцыя — гэта хутчэй рамантычнае спадзяванне на мірнае суіснаванне розных этнасаў у адной дзяржаве, талерантнасць паміж рознымі рэлігійнымі канфесіямі. Ёахім Лялевель марыў пра Польшчу, дзе няма адрозненняў паміж людзьмі, якія яе складаюць: палякамі, ліцвінамі (беларусамі), немцамі, жмудзінамі, рускімі. Такая канцэпцыя аказалася далёкай ад рэальнасці і Рэч Паспалітая распалася, падпаўшы пад уладу больш моцных суседзяў.

Менавіта цэнтрабежныя сілы адпіхвання этнасаў адно ад аднаго сталі прычынай развалу не толькі Рэчы Паспалітай, а і іншых шматэтнічных і шматканфесійных дзяржаў. Самы апошні і паказальны прыклад — гэта развал СССР і ўтварэнне ў 1991 годе на яго аснове шэрагу незалежных дзяржаў.

Уніяцкая канцэпцыя польскай нацыі выражана ў маніфесце Кракаўскага паўстання 1848 г., якім кіраваў Эдвард Дэмбоўскі. Ён пракламаваў ідэал інтэграванай і ўз’яднанай польскай нацыі пры ігнараванні беларускага і літоўскага этнасаў (уключаючы іх у адзіную польскую нацыю). Дарэчы такое уніяцкае мысленне дало плён: шмат беларусаў — спачатку шляхецкага саслоўя, а потым і іншы люд — лічылі за свой абавязак, альбо за свой гонар стаць палякамі. Прычым гэта рабілася галоўным чынам праз культурніцкія элементы (напрыклад пераход на польскую мову) і рэлігійны (пераход праваслаўных і уніятаў у католікі). Палітыка Расіі на працягу ХІХ ст. была аналагічнай філасофіі Э. Дэмбоўскага, толькі ў гэтым выпадку ў якасці адзінай нацыіі, якая аб’ядноўвае (а па-сутнасці паглынае) іншыя больш дробныя нацыі, выступае руская нацыя. Так узнікла славутая тэорыя «старэйшага брата».

Найбольш прагрэсіўнай на наш погляд з’яўляецца канцэпцыя «федэральнай нацыі» Яна адлюстроўвала думкі лідэраў польска-беларускага паўстання 1863 г. Адпаведны маніфест заклікаў да ўзброеннага паўстання ўсе галоўныя нацыі былой Рэчы Паспалітай, у тым ліку і нацыі ВКЛ — беларусаў і літоўцаў (менавіта літоўцаў, а не ліцвінаў). Упершыню адзін з правадыроў паўстання Кастусь Каліноўскі праз газету «Мужыцкая праўда» звяртаўся да сялян не на традыцыйнай польскай мове, а на іх «простай», беларускай мове. Тады ж і ўзнікла ідэя праў нацый на самавызначэнне, якая для беларусаў стала рэальнасцю спачатку ў 1918 годзе (БНР) і праз 128 год — у 1991 годзе, калі Беларусь канчаткова атрымала незалежнасць. Але федэральная нацыя імкнецца ўсё ж да аб’яднання этнасаў у адзінай дзяржаве, хаця і на федэратыўнай аснове. Прыкладам краіны з такой шматэтнічнай нацыяй з’яўляецца Швейцарыя. Аналагічны шлях утварэння амерыканскай нацыі. Аднак большасць нацый утварылася на аснове развіцця якога-небудзь галоўнага, дамінуючага этнаса. Такія нацыі характарызуюцца адметнай нацыянальнай культурай, якая ў сваю чаргу мае ў якасці галоўнага атрыбута сваю нацыянальнаю мову. І другі аспект, што вызначае нацыю — палітычны: нацыя канчаткова завяршае сваё фармаванне толькі тады, калі яна становіцца нацыяй-дзяржавай, калі большасць насельніцтва, што жадае быць той, ці іншай нацыяй, замацоўвае гэтае права праз дзяржаўнасць. У найбольш развітых краінах дзяржаўнасць па-просту эквівалентная нацыянальнасці дзяржава і нацыя становяцца сінонімамі. Больш таго, за нацыяй часта захоўваецца сваеасаблівы прыярытэт. Так ААН — Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, а не дзяржаў.