Читать «Маскоўская Аўтаномная Акруга» онлайн - страница 9

Сяргей Іванавіч Тымнэтыкай

Уладзімер зрабіўся нейкім урачыстым. Ён стаяў ціха, амаль не варушыўся. Шэптам паўтараў нейкі тэкст. Пасьля заканчэньня літвін ізноў зрабіў жэст, які адганяе духаў.

- Хадзіць будзем далей, – сказаў ён.

- Але…

- Літвін узяў яе за руку і вывеў з “carkva”.

***

Яны стаялі на вежы. Унізе, амаль пад нагамі злучаліся дзьве ракі.

- Рака Масква знаходзіцца зьлева, - патлумачыў Уладзімер. – Рака Няглінка справа ўпадае ў яе.

Было нешта чароўнае ў гэтым месцы. Першабытны краявід. Глухія лясы, санлівыя рэкі… А на іх тле – руіны загінулай цывілізацыі. Час быццам спыніўся. Не было ні мінулага, ні будучага, ні, нават, цяперашняга. Быў толькі веснавы дзень і цёплы ветрык, і дзьве ракі пад вежай.

Уладзімер абняў Вынтэнэ. Вусны сустрэліся. Дзяўчына заплюшчыла вочы. Яе ніколі яшчэ не цалавалі так пяшчотна. Мужчына забаўляўся яе вуснамі…

***

“Як гэта магло здарыцца? – падумала Вынтэнэ. І адразу ж: - Я ж сама гэтага хацела… Чаго хвалюешся, дурніца? Гэта ж толькі пацаланук! Ты што, упершыню цалуешся?” Усё-ткі гэты раз быў нейкі асаблівы, непадобны.

Яна зірнула на літвіна і ўсьміхнулася. Усьміхнуўся і ён.

- Вы злуецеся не? – спытаў ён.

Вынтэнэ паклала яму рукі на плечы.

- Вядома ж не, дурненькі.

Цяпер ужо цалавала яна…

***

- А, voś vy dzie! – усклікнуў Вінцук. – А my vas paŭsiul šukajem!

- Розыск праводзім у мясьцінах усіх вас, - дадаў ён па-чукоцку.

- Мы знаходзімся ў мясьціне гэтай увесь час, - па-чукоцку ж адказаў Уладзімер. – Адрозна ад вашых паводзінаў.

- Ja baču, vy tut čas nie marnavali, - з усьмешкай заўважыла Хрысьціна. Уладзімер усё яшчэ трымаў Вынтэнэ за руку.

- Vy taksama, - азваўся ён.

Вынтэнэ заўважыла, што сукенка Хрысьціны злёгку пакамечаная і апранута не зусім роўна.

- Ну, Крэмль уражаньне якое зрабіў для Вас? – пацікавілася літвінка.

- Вельмі спадабаўся, - прызналася анадырка. – Я і ня думала, што такое бывае.

- Вы не знаходзіліся дагэтуль у краіне нашай, - заўважыў Вінцук. – Замкі больш прыгожыя там яшчэ і ў колькасьці значна большай.

- Паедзеш, магчыма, у наш край у пэўны момант, - сказаў Уладзімер.

- Можа і паеду, - сказала Вынтэнэ. – А мяне бяз візы пусьцяць?

***

- Dyk vy što, tolki calavalisia?! – не паверыла Хрысьціна.

- Tak, - адказаў Уладзімер.

- A ja ŭžo padumała…

- Nam hetaha było dastatkova.

- Chryścia, pakiń Uładziu ŭ spakoi, - пасьміхнуўся Вінцук. – Kožnamu ŭ hetym žyćci svajo…

Вынтэнэ вярталася з карчоў. Літвіны сьціхлі, быццам яна магла зразумець іх.

***

- Навучыце мяне літвінскай мове, - папрасіла Вынтэнэ.

- Мова наша вельмі складаная ёсьць быць, - адгукнуўся Вінцук. Ён сядзеў за стырном. – Асабліва цяжка вывучаемая ёсьць яна для чукчаў.

- А раптам у мяне атрымаецца? Не здавалася дзяўчына.

- Магчыма патрэбна Ўладзь каб дапамогу зрабіў Вам, - нявінна прапанавала Хрысьціна.

- Радасьць толькі зробіць для мяне тваё навучаньне мове літвінаў, - сказаў Уладзімер.

- Уладзь? – перапытала Вынтэнэ. – А цябе хіба не Ўладзімерам завуць?

- Уладзь – скарот ёсьць ад Уладзімер імені, патлумачыў тот. – Так сябры і родныя людзі называюць мяне.

- Можна і я цябе так буду зваць?