Читать «Маскоўская Аўтаномная Акруга» онлайн

Сяргей Іванавіч Тымнэтыкай

Ад перакладчыка

Твор чукоцкага пісьменьніка Сяргея Тымнэтыкай будзе цікавы беларускаму-літвінскаму чытачу тым, што аўтар, спрабуючы паказаць рэальныя дачыненьні расейцаў-маскавітаў да сваіх суседзяў, перакуліўшы іх дзеля гэтага з ног на галаву, побач з чукчамі і маскавітамі ўвёў у дзеяньне раману, як галоўных герояў, яшчэ і літвінаў. Тым самым ён падкрэсліў, што літвіны-беларусы таксама маюць багатую і старажытную гісторыю і маглі б стаць годным эўрапейскім народам. Калі б умовы склаліся спрыяльна для ніх.

У расейскім тэксце размовы паміж літвінамі адбываюцца на літвінскай (беларускай) мове. Паколькі ў перакладзе на беларускую мову асноўнага тэксту гэтая асаблівасьць губляецца, я вырашыў вылучыць тыя беларускамоўныя фразы літвінскай лацінкай.

Таксама дазволіў сабе ўнесьці маленькую карэкціроўку, замяніўшы ў адным сказе назву Менск на Вільню. Калі аўтар дапускае той варыянт, што Літва датрывала да нашых дзён у межах свайго росквіту, дык і сталіцай, безумоўна, засталася б Вільня - палітычны, эканамічны, культурны і рэлігійны цэнтр Літвы, славянскае, а не жамойцкае места. Менск ніяк не мог прэтэндаваць на статус сталіцы, цалкам магчыма, што ён застаўся б невялікім правінцыйным местам. Таму ў размове паміж Уладзімерам і Вынтэнэ, калі ён, гаворачы пра стасункі Літвы з суседзямі, кажа: "Цяпер Кіеўская Русь – незалежная ад Менску." - я сваім одумам зьмяніў фразу наступным чынам: "Цяпер Кіеўская Русь – незалежная ад Вільні."

МАСКОЎСКАЯ АЎТАНОМНАЯ АКРУГА

“Упершыню чукчы ў пісьмовых крыніцах узгадваюцца ў 1641г. у cувязі з тым, што ў раёне Калымы яны напалі на расейскіх зборшчыкаў ясака (падатак пушнінай зьбіраемы з абарыгенаў). Варта зьвярнуць увагу, што гэта была агрэсія з боку чукчаў.”

Расейская Вікіпэдыя

“А калі б тады, у XVII стагоддзі, чукчы дайшлі да Масквы? Магчыма ж такое…”

Раман Краўчанка, Арганізацыя украінскіх нацыяналістаў

- А я вось яшчэ показку прыгадаў, - данеслася знізу. – Прыехаў маскавіт у Анадыр, пасяліўся ў гатэлі. Ну, яму, як-бы, гавораць: як захочаце есьці, замоўце абед па тэлефоне. Ну, дзень ён з пакою не выходзіць, ну, два. Адчыняюць дзьверы… А ён бегае вакол тэлефона і крычыць: Тэлефона-тэлефона, а маскавіт кушаць хоча!”

Унізе зарагаталі.

- А вось яшчэ. Прыехаў маскавіт з Анадыру, прывёз з сабой электрычны чайнік. Яму кажуць: “Дык у цябе ж у хаце электрычнасьці няма!” А ён: “Маскавіт не дурны, маскавіт гняздо купіў!”

Ізноў выбух рогату.

Вынтэнэ зрабілася гідка. Яна цішком зірнула на мужчын. Валасы ў іх крыху светлыя, а вочы – круглыя. Самі ж мяшаныя з тубыльцамі! Кім былі іх продкі? Волжскімі баўгарамі? Ці мардвінамі? А можа, тымі ж няшчаснымі маскавітамі? Але гэтыя лічаць сябе чукчамі.

Вядома ж, чукчамі! Ганарлівымі ўладарамі, народам-духаносцам. Старэйшымі братамі ўсіх астатніх – каракаў, якутаў, маскавітаў… Хоць, якія яны маскавітам браты?

Чаму яна, Вынтэнэ, не фанабэрыцца? Бо ж магла б! А што, карэнная анадырка, чыстакроўная чукча. І валасы ў яе, між іншым, сінявата-чорныя. І вочы беззаганна вузкія. Проста “вышэйшая раса”. Хоць пазуй для плякатаў Чукоцкага нацыянальнага адзінства…