Читать «Маскоўская Аўтаномная Акруга» онлайн - страница 8

Сяргей Іванавіч Тымнэтыкай

- Дзяўчына дастала фотаапарат.

- Кадры берагчы належыць, унутры паколькі яшчэ будзе цікавей, - параіў Уладзімер.

- Нічога, у мяне яшчэ дзьве касэты. Паслухайце, сфатаграфуйце мяне на фоне вежы!

***

Праз роў быў перакінуты мост. Мост быў драўляны. Ён моцна пахіліўся ад часу.

- Асьцярожнай будзьце! – Уладзімер падаў Вынтэнэ руку і дапамог перайсьці. Рука была цёплая і моцная….

Брама выбітая – аскепкі дагэтуль валяліся вакол. Вынтэнэ зрабіла яшчэ некалькі здымкаў.

- Чукчы абложвалі фартэцыю, - патлумачыў этнограф. – Гарнізон бяз ежы знаходзіўся доўга і моцы ня меў ужо абарону весьці. Тады тыя, што напад мелі, зламалі браму і на дзядзінец увайшлі хутка. Тыя хто абараняў, забітыя усе, выключэньняў няма.

Вынтэнэ зачаравана глядзела навокал. Няўжо тубыльцы маглі пабудаваць такое? За брамай адкрываўся дзядзінец, забудаваны высокімі ярангамі. Большая частка будынкаў была разбурана. Але нават гэтыя руіны казалі пра многае. Якая зграбнасьць, якая прыгажосьць была ў кожным ацалелым будынку!

- Гэта ж вялікая цывілізацыя! – усклікнула Вынтэнэ. – Як жа яна магла загінуць?!

- Вялікія цывілізацыі нават гінуць часам, здараецца, - адказаў Уладзімер. – Чукчы мацней былі і больш рашучымі, сабралі плямёны-народы розныя з тых, хто Масквой пакрыўджаны быў. Разам удар нанесьлі раптоўны, абдуманы старанна. Не маглі маскавіты чакаць. Чукчаў лічылі яны дзікунамі.

- Чукчаў – дзікунамі? – не паверыла Вынтэнэ. – Хто, маскавіты так лічылі? Думка здалася ёй сьмешнай. Яна ўявіла сабе прымітыўнага тубыльца ў аблавусе й лапцях, які недаверліва глядзіць на шматпавярховыя ярангі, хуткасныя цягнікі, звышгукавыя самалёты… “Дзікуны, аднак!” – бурчыць ён і ідзе ў лес пасьвіць кароў.

- Сьмяяцца не разумна ёсьць над гэтым, - нечакана суха сказаў літвін. – Цывілізацыя Масквы больш старажытная была, цывілізацыя Чукоткі за. Тэхналёгій сваіх большую частку пазналі чукчы ў XVII стагоддзі, у вайны часе 1641 года й пазьней нават. Дагэтуль наперадзе іх Масква была тэхнічна й культурна.

- Ну, добра, - ня злуйцеся…

Яна на ўсе вочы разглядвала Крэмль.

“Можа яно й праўда? – падумала Вынтэнэ. – Дзікуны ж такое не пабудавалі б. На цэнтральнай Чукотцы, напрыклад, я нічога падобнага ня бачыла. Хто ж мы, чукчы, у параўнаньні зь імі?”

У ёй ізноў абудзілася пачуцьцё віны. “Мы разбурылі іх цывілізацыю, - думала дзяўчына. – Захапілі іх краіну. А цяпер яшчэ зьдзекуемся, показкі распавядаем. І хлусім жа, хлусім, быццам яны дабраахвотна ўвайшлі ў склад Чукоткі!”

Уладзімер падышоў да збудаваньня з пахіленым крыжом на даху. Ён махнуў рукой і нахіліў галаву. Вынтэнэ чытала, што такім спосабам тубыльцы адганяюць злых духаў.

Літвін увайшоў у сярэдзіну. Дзяўчына пайшла за ім.

- Гэта – свяцілішча маскавітаў? – спытала яна.

- Carkva, ціха патлумачыў Уладзімер.

У яранзе было прасторна і пуста. Сьцены былі размаляваныя абразамі. “Даволі няблага, - падумала дзяўчына. – Прыгожа нават”. У далёкім канцы залі было відна нешта падобнае да варотаў. “Цікава, нашто яны тут? Там нейкі іншы пакой?” Вынтэнэ хацела падысці бліжэй, але не наважвалася.