Читать «Маскоўская Аўтаномная Акруга» онлайн - страница 7

Сяргей Іванавіч Тымнэтыкай

Вынтэнэ зірнула ў люстэрка – нічога, ёй нават пасуюць раскудлачаныя валасы. Яна адчыніла дзьверы.

- Раніцы добрае Вам, - Уладзімер нахіліў галаву. – Пятая раніцы гадзіна зараз, і я абудзіць абяцаў Вас.

Яна прыгадала ўчорашні фантазм і адчула, што чырванее.

- Дзякую, што абудзілі, - як мага больш абыякава сказала яна.

“Можа адмовіцца? – падумала Вынтэнэ. – Яшчэ ж ня позна!”

“Нельга, - забараніла яна сабе. – На першым месцы зараз рэпартаж.”

- Падзякі ня варта гэта, - ветліва адказаў субяседнік. – Чакаць праз гадзіну ў фае Вас будзем.

Ён ізноў пакланіўся і адышоў ад дзьвярэй. Зачыніўшы іх, Вынтэнэ пасьпяшалася ў душ.

***

Машына спынілася на ўзлеску. Пасажыры выйшлі.Сонца біла ў твар, цёплы ветрык разьвяваў валасы.

- Але ж і цёплая тут вясна! – сказала Вынтэнэ. – У нас, у Анадыры, яшчэ сьнег ляжыць.

- Холад ёсьць тут, як сабачы, - адгукнуўся Вінцук.

Ён цёр замерзлыя рукі.

- Далей ходам пешым ісьці належыць, - сказаў Уладзімер.

- Вы там ужо былі? – спытала Вынтэнэ.

- Некалькі разоў летась, аднак надоўга – не.

- Voś hetaja ściežka, - сказала Хрысьціна і пераклала для Вынтэнэ: - Дарогай тут належыць ісьці.

- Сьцежка ішла ў лес. Лес быў сапраўдным, непраходным – быццам у прыгодніцкіх кнігах.

- А не заблукаем? – спытала дзяўчына.

- Дарогу ведаем ужо мы, - супакоіў Уладзімер. – За год мінулы зьмены верагодныя мала.

Вінцук і Хрысьціна вырвалісь далёка наперад і зьніклі за дрэвамі. Уладзімер і Вынтэнэ ішлі побач. Абодва маўчалі. Вынтэнэ ня ведала, што казаць. Пра што думае гэты літвін? Заўжды ветлівы, заўжды ахайны… Здаецца што ён зусім не зьвяртае на яе ўвагі, як на жанчыну. “Усё ж такі з чукчамі лягчэй. Наш бы ўжо даўно распачаў гаворку, стараўся б насьмяшыць, уразіць. Распавядаў бы пра свае подзьвігі. “ А чужынец ідзе сабе побач – і ні слова. Спакойны, упэўнены “Быццам і не патрэбная я яму…Навошта ж тады ён узяўся абудзіць мяне?”

Вынтэнэ паспрабавала абстрагавацца – сканцэнтравацца на навакольнай прыродзе. Дрэвы былі высокімі і, мабыць, вельмі старымі. Хвоі і яліны чаргаваліся зь бярэзінамі. Сьцежка час ад часу патанала ў хмызах. Часам даводзілася ісьці цугам, і тады Вынтэнэ бачыла толькі сьпіну літвіна і джынсы… пад якімі ўгадываліся крамяныя ягадзіцы. Дзяўчына старалася не апускаць вачэй.

Лес скончыўся. Падарожнікі выйшлі да ракі.

- На лева цяпер перасоўвацца неабходна, - сказаў Уладзімер.

- Што гэта за рэчка? Спытала Вынтэнэ.

- Чукчы называюць Няглін яе. На гаворцы, аднак, маскавітаў Няглінка завецца яна.

Ня-глінка? Што гэта азначае?

- Верагодна, рака, дзе ёсьць гліны адсутнасьць.

Рэчка была вузкай, па абодва бакі рос лес.

“А гэтая рака цячэ тут ужо тысячы гадоў, - падумала дзяўчына. І за тысячы гадоў нічога не зьмянілася. Тыя ж хвоі, тыя ж бярэзіны на беразе… Той самы хмызьняк… толькі маскавіты сышлі. ..“

- Глядзіце, Крэмль ёсьць гэта! – аб’явіў Уладзімер.

Перад імі была сапраўдная фартэцыя. Сьцены і вежы выкладзеныя з чырвонай цэглы. Перад фартэцыяй – роў.

- Нічога сабе! – вырвалось у Вынтэнэ.

Збудаваньне здалося ёй грандыёзным і велічным. Хто б мог уявіць, што ў дзікіх лясох Маскоўскай АА хаваецца нешта падобнае?