Читать «Маскоўская Аўтаномная Акруга» онлайн - страница 10

Сяргей Іванавіч Тымнэтыкай

- Можна безумоўна для цябе, - усьміхнуўся Ўладзімер.

***

І зноў Уладзімер правёў яе да пакою. У дзьвярох яны пацалаваліся.

“Што рабіць, калі ён захоча ўвайсьці?” – падумала дзяўчына. І ту жа зразумела, што пытаньне чыста рытарычнае. Вядома ж, яна яго пусьціць…

- Dabranač, - сказаў кавалер.

- Што?

- “Dabranač” на літвінскай “ночы добрай” значыць.

- D’a –brn – n’ač. Uładź! – з цяжкасьцю прамовіла Вынтэнэ.

- Малайчына!

Літвін усьміхнуўся і пацалаваў ёй руку.

- D’a –brn – n’ač, - паўтарыла дзяўчына і зачыніла дзьверы.

Раніцою яна сустрэла Хрысьціну і Вінцука. Тыя патлумачылі ёй, што назаўтра адпраўляюцца ў экспедыцыю. Едуць яны ў стойбішча маскавітаў – “дзярэўню”. Там, быццам бы захаваліся першабытныя звычаі. “Дзярэўня” – дзесьці ў Белаазёрскім раёне. Дабірацца прыйдзецца гэлікоптэрам: дарогі туды не зрабілі. Дзяўчына спытала, дзе Ўладзімер. Аказалася, што ён паехаў дамаўляцца з пілотамі.

- Ён іншых лепей мову чукоцкую ведае, - патлумачыла Хрысьціна. – Хочаш з намі быць дзень гэты?

Вынтэнэ пагадзілася.

Уласна кажучы, ісьці не было куды. Масква – мястэчка невялікае. Зь цікавостак – кінатэатр, супэрмаркет ды колькі рэстарацый. Быў яшчэ краязнаўчы музэй. Вось яго літвіны і абралі.

- Гэта ў цэнтры места, - патлумачылі ў гатэлі. – Сядзеце на другі аўтобус – і да прыпынку “Пошта”.

- Другі аўтобус? – не зразумелі літвіны.

- Аўтобус другога маршруту…

***

Музэйны Цэнтр “Спадчына Масквы” складаўся з чатырох заляў. Першая была прысьвечана ледавіковаму перыяду, другая – дачукоцкай Масковіі, трэцяя – першым чукоцкім пасяленцам. А апошняя, вядома ж, сучаснай Маскве.

У “ледавіковай” залі літвіны не затрымаліся. Абмінуўшы плястыкавага маманта, яны пасьпяшаліся далей. У другой залі было прасторна. Экспанатаў раз-два і ўсё. Маскоўскі народны строй – мужчынскі і жаночы. Лапці, картузы, какошнікі, сарафаны… Потым – макет "ізбы". З печкай, услонамі, сталом. Начыньне – драўляныя лыжкі, талеркі. Прылады працы – прымітыўныя, іржавыя. Са зброі былі кісцень, самастрэл і алебарда. Вось і ўсё.

Значна больш багатай выглядала заля першапраходцаў. Літвінаў аднак яна не зацікавіла, ды й Вынтэнэ…

Галоўнай аздобай чацьвёртай залі быў плякат: “Рукі працоўных пераўтварылі суворы калісьці край”. На сьценах – здымкі фабрык, аэрадромаў і аўтавакзалаў. Яшчэ, праўда, макет парахода, які хадзіў паміж Казаньню і Цьвер’ю.

Вынтэнэ спадабалася фатакартка цьвярскога порту. Мястэчка было малое, нават меньшае за Маскву. Але вось рака… Рака зачароўвала…

- Падабаецца табе выява? – спытала Хрысьціна.

Яна абняла дзяўчыну… і адразу ж адпусьціла. Яе далонь дакранулася да далоні Вынтэнэ.

Вынтэнэ зірнула на літвінку. Тая ўсьміхалася.

- Рака Волга назву носіць.

- Я ведаю… - сказала Вынтэнэ. – Проста фотка прыгожая.

- Жаданьне тваё, калі, паехаць на Цьвер ня цяжка.

- Я б хацела… Але ж мы ляцім да Белавозера?

- Страшна не. Пасьля вяртаньня часу хапае наведаць Волгу.

- Ведаеш, мне вельмі спадабаўся Крэмль, - сказала Вынтэнэ.

- Пакажам іншае яшчэ таксама, - паабяцала літвінка.

Падышоў Вінцук.

- Маладыя пані ісьці не жадаюць да абедзенага месца? – прапанаваў ён.