Читать «Маскоўская Аўтаномная Акруга» онлайн - страница 14

Сяргей Іванавіч Тымнэтыкай

Танец працягваўся. Рытм быў дзіўны, першабытны. Усе тут былі маладыя і прыгожыя. Усе сьмяяліся. Вынтэнэ страціла пачуцьцё рэчаіснасьці. Яна была часткаю “карагода”. Быццам бы зьлілася зь ім. Не было яе, не было іншых. Была адна жывая істота, гіганцкая зьмяя, якая паглынула свой уласны хвост.

Жанчыны сьпявалі. Вынтэнэ не разумела слоў, але намагалася падпяваць. Яна – як усе! Таксама зрабілася дзікункай! Далоў цывілізацыю! Далоў Анадыр!

Карагод спыніўся. Зь яго вывелі прыгожую дзяўчыну.

- Ляля! ляля! – закрычалі ўсе.

“Яе прынясуць у ахвяру!” – жахнулася Вынтэнэ.

Але здарылася іншае. Ні стуль ні сьсюль з’явіліся гірлянды з красак і галінак. “Лялю” ўбралі з галавы да ног. І яна зрабілася яшчэ прыгажэйшай. Яе пасадзілі на драўляны ўслон і паднесьлі розныя стравы – масла, сыр, збанок з малаком. Астатнія вярнуліся ў карагод. Той ізноў пачаў рухацца – ужо хутчэй. “Ляля” кідала танцоркам галінкі. Тыя лавілі іх, не спыняючы танца.

- На шчасьце захоўваюць кветкі, - шапнула Хрысьціна.

Вынтэнэ таксама злавіла вянок. Яна налажыла трафей на галаву.

- Вельмі табе пасуе гэта, пахваліла літвінка.

“Ляля” пранізьліва закрычала. Дзяўчыны падхапілі. У імгненне вока карагод разваліўся. Усе пабеглі ў лес. Вынтэнэ паглядзела долу. З боку вёскі насоўваўся натоўп мужчын.

- Што гэта? – спытала яна Хрысьціну.

- Таксама сьвята частка. Мужчына кожны мае намер лавіць жанчыну, каб ёю авалодаць. Жанчына ўцякае, пакуль не дагоняць.

- Што???

- Гульня гэта ёсьць. Дзеяньні адбываюцца добрай воляй. Ня хочаш – адмаўляй!

- Хрысьціна, я баюся…

- Заві мяне Хрысьця. Для сяброў гэта скарот.

***

Дзяўчыны беглі па лесу. За плячыма чуліся крокі перасьледнікаў. Маладая маскавітка стамілася бегчы і схавалася за дрэва. Мужчыны прабеглі побач, быццам не заўважылі яе. Толькі адзін хлопец адстаў. Павярнуўшыся, Вынтэнэ ўбачыла, што пара цалуецца.

Адна за другой, жанчыны спыняліся. Мужчыны даганялі іх і валілі ў мурог.

- Кожны выбар робіць той, якая зь ім быць жадае, - казала Хрысьця. – Памылкі няма ніколі.

Уцякачак засталося зусім вобмаль.

- Што рабіцьмем? – спытала Вынтэнэ.

- Я паваблю за сабой Вінцука, - сказала Літвінка. – Сярод мужчын ён ёсьць.

- А я?

- Вольная ты, вецер быццам. Абмежаваньня няма.

Хрысьця ўсьміхнулася і пабегла ў карчы. Вынтэнэ рванула ў супрацьлеглы бок.

“Схаваюся, ды й годзе, - думала яна. – Хрысьця клялася, што ўсё дабраахвотна. Калі і знойдзе які маскавіт – адмоўлюся. Хаця…” Гэтае “хаця” не давала спакою. Цікава, як яно? Вось так, у лесе… зь дзікуном… “Хопіць думаць!” – спыніла сябе Вынтэнэ. – Ты – дзічына, цябе гоняць. Уся надзея на інстынкт самазахаваньня…”

***

Дзяўчына сядзела на мурогу. Бегчы далей не было моцы. Яна ўсё яшчэ цяжка дыхала.

Дзень быў цёплы. На паляне поўна красак. Маленькія і някідкія, яны злучаліся ў цудоўны дыван. А вакол – лес. Дрэвы амаль сягалі неба. “Сапраўдныя джунглі, - падумала Вынтэнэ. – Ня тое, што усурыйская тайга.” Усё тут было нейкае чароўнае. Чыстае і некранутае…