Читать «Маскоўская Аўтаномная Акруга» онлайн - страница 12

Сяргей Іванавіч Тымнэтыкай

- Хата ў мяне невялікая, - сказаў старшыня. – Ды месца ўсім хопіць. Цяснота – не крывота.

Ён патлумачыў, што жанчынам дадуць асобны пакой. Мужчынам жа – Уладзімеру й Вінцуку – прыдзецца спаць на падлозе, каля печкі.

***

За вакном зрабілася зусім цёмна. Гаспадар запаліў газавую лямпу. Госьці сабраліся вакол стала.

- Зараз “malitva” будзе прачытана ім, - шапнула Хрысьціна. Здавалася, што яна ўзяла Вынтэнэ пад сваю апеку.

- Што?

- Malitva.

Вынтэнэ ня стала перапытваць.

Старшыня махнуў рукой – таксама, як і Ўладзімер каля “carkva” ў Крамлі. Літвіны паўтарылі жэст. Стары загаварыў. Астатнія паўтаралі сьледам. “Гэта каб адганяць духаў” – здагадалася Вынтэнэ. Дзіўна. Літвіны ж такія адукаваныя людзі. Няўжо яны ва ўсё гэта вераць? Вынтэнэ ня была рэлігійнай. Да шаманаў хадзіла толькі на сьвяты, ды й тое – за кампанію. Яе стамлялі доўгія абрады, сьмяшылі заклінаньні. “Не, я не атэістка, - думала дзяўчына. – Я веру ў духаў. Але чаму я павінна камунікаваць зь імі праз шаманаў?!” Яна глядзела на тубыльцаў. Іх твары былі ўрачыстымі. Яны сапраўды верылі. І вера яднала маскоўскага дзікуна й прафэсара зь Менску…

***

На вячэру была грэчка зь мясам. Вынтэнэ ўпершыню ў жыцьці пакаштавала ялавічыну. Амаль як аляніна, толькі смачнейшая. А можа, ёй так здалося? Проста надта ўжо тут хвайна! Неяк усё проста. І, адначасова…

Гаспадар пляснуў сабе ў лоб.

- Эх, як жа гэта я забыўся! – Сказаў ён па чукоцку. – У мяне ж водачка прыхаваная!

Ён палез за печку.

- Што такое “жводачка”? – не зразумела Вынтэнэ.

- Harełka, - шапнула Хрысьціна.

Больш зразумела ня стала.

Стары прынёс пляшку з празрыстай вадкасьцю. Пасьля напой разьлілі у шклянкі. Ад “harełki” ішоў моцны запах. Амаль атрутны. Вынтэнэ здагадалася, што гэта.

- Я не ўжываю наркотыкаў! – сказала яна.

Усе паглядзелі на яе.

- Бойся не, - сказала Хрысьціна. – Калі ты бачыш, мы п’ем усе, благога няма зусім.

- А як жа эфэкт прызвычайваньня?!

- Ад разу аднаго нічога ня будзе, - сказаў Уладзь.

Ён сядзеў насупраць. У ягоных рукох была шклянка.

- Navučy jaje pić, - сказаў Вінцук Хрысьціне. – bo apiačecca jašče.

Тая нахілілася да Вынтэнэ.

- Выдыхнуць трэба паветра ўсім ртом… Такім чынам вось. – Літвінка паказала. – Пасьля каўток робіш – адразу, усё. Рэшты няма. І дыхаць няма, не адразу. Каўтаеш – і адразу ежа есьці шмат… Зразумела?

Вынтэнэ кіўнула.

- У выпадку такім спрабаваць будзьма.

***

Harełka апякла Вынтэнэ. Вочы напоўніліся сьлязьмі. Дзяўчына праглынула ўсё адразу, як вучылі.

- Заесьці трэба, - сказаў Уладзь.

Хрысьціна падсунула талерку з грэчкай. Вынтэнэ стала есьці, мэханічна, не адчуваючы смаку.

Усё навокал паплыло перад вачыма. Проста перад ёй быў твар Уладзя. “Прыгажун ты мой!” – падумала дзяўчына. Ёй раптам захацелася ўсіх любіць. Увесь сьвет.

- Люуудзі, тут так… тттак… - яна не знаходзіла слоў. – Доб.. добра! Праўда!

Вы… вы ўсе… сябры… А я… мне…

Яна хацела сказаць, што так, яна чукча, і са сталіцы, з пыхлівай сталіцы… Але ёй за гэта сорамна. А хочацца быць дзікункай, як яны… Хочацца быць прымітыўнай, каб радавацца жыцьцю… Бо яны ведаюць сэнс жыцьця, а чукчы – не… Чукчаў згубіла цывілізацыя. Яны нежывыя…