Читать «Маскоўская Аўтаномная Акруга» онлайн - страница 13

Сяргей Іванавіч Тымнэтыкай

- Не-жы-выя! – прамовіла Вынтэнэ ўголас. – Але ж вы…вы ж мяне… не разумееце… Я не рррасісткааа…

Ёй раптам зрабілася вельмі сьмешна. Яна сьмяялася з усхліпваньнем. А потым раптам заплакала. Ёй зрабілася шкада сябе. Ніхто ж яе ня любіць, ніхто не разумее…

Літвіны переглянуліся.

- Пойдзем следам са мной, разам, - сказала Хрысьціна. – спаць трэба ўжо, позна…

- Не пайду, пратэставала Вынтэнэ.

Але ногі самі несьлі яе туды, куды вяла літвінка.

Яны дайшлі да ложка.

-Распрануцца трэба табе ў дадзены момант.

Хрысьціна сьцягнула з дзяўчыны кофту, джынсы… Накрыла коўдрай… Зачыніла дзьверы і лягла побач. Вынтэнэ адчула, што яе абдымаюць. Цалуюць. Якая ж Хрысьціна пяшчотная! Якая ласкавая! Якое цёплае ў яе цела…

Вынтэнэ расплюшчыла вочы. У пакоі нікога не было. За вакном зьзяла сонца. Дзяўчына ўстала і пачала апранацца. У галаве шумела. Цела – быццам гумовае. Яна прыгадала ўчорашні дзень. Гэлікоптэр, вёска. Вячэра ў старшыні. Наркотык – “harełka”. Яго смак дагэтуль у роце…

А потым, потым… Прыгадалася ўсё да дробных дэталяў. І зрабілася сорамна. “Як я магла?!” – падумала Вынтэнэ. – А яна? Няўжо яна такая?..”

- Ну, сьпіш ты не? – сказала Хрысьціна.

Яна ўвайшла ў пакой. Вынтэнэ пачырванела.

- Справа ў чым? Стомленасьць моцная ё?

Хрысьціна была ласкавай. Быццам старэйшая сястра…

- Усё добра, - сказала Вынтэнэ. – Проста… крыху баліць галава.

- Віной можа быць гэтаму гарэлка. Звычкі няма, цяжкімі могуць стаць наступствы.

Яна міла ўсьміхалася.

- Хадзі дапамогу табе рабіць буду.

Яна завяла дзяўчыну да студні і памыла. Вада была халодная й чыстая.

- Памыць усё цела магчыма, - сказала літвінка. – Я так зрабіла ўжо.

- Як, тут? – перапытала Вынтэнэ.

- Баяцца не, мужчыны пакінулі падворак.

Студню атачаў хмызьняк. “Сапраўды, ніхто нічога не пабачыць.” – падумала Вынтэнэ.

Яна распранулася дагала. Літвінка напоўніла вадой вядро.

- Мыла ёсьць вось. Холаду няма ў гэты дзень. Ручнік ёсьць тут. Расьцярэшся потым.

Хрысьціна дапамагла Вынтэнэ мыцца…

***

Купаньне дапамагло. Да Вынтэнэ вярнуліся бадзёрасьць і аптымізм. Рухі зрабіліся больш упэненымі.

- А дзе ўсе? – спытала яна.

- На сьвята перамясьціліся Красная Горка… - і Хрысьціна пачала аповед.

Сьвята “Красная Горка” сымбалізуе прыход вясны. А значыцца абуджэньне, новае жыцьцё.

У гэты дзень дзяўчыны сустракаюць хлопцаў. Сьвята першых пацалункаў…

- … І першага сэксу, - дадала Літвінка.

Вынтэнэ падціснула вусны.

- Баяцца не, - сказала Хрысьціна. – Прымус адсутнічае зусім.

Яны выйшлі за вёску. На ўзгорку ўжо сабраўся народ.

- Тут адныя жанчыны… - зьдзівілася Вынтэнэ.

- Частка жаночая сьвята ёсьць гэта, - сказала літвінка.

- А мужчыны?

- Пазьней яшчэ яны прыбудуць.

Жанчыны ўтварылі кола і ўзяліся за рукі.

- Карагод назва ёсьць танца, - каментавала Хрысьціна.

Танцоркі заўважылі іх. Адна з жанчын памахала рукой і нешта сказала. Астатнія падтрымалі.

- Кажуць яны, нам варта далучыцца ў карагод, - пераклала літвінка.

Вынтэнэ хацела запярэчыць, але не пасьпела. Яе схапілі за рукі і ўцягнулі ў кола. Хрысьціна трымала яе за правую руку. Левую сьціскала маскавітка гадоў сямнаццаці. Тубылка ўсьміхалася. На ёй было яркае ўбраньне: “Народны строй” – здагадалася Вынтэнэ. Штосьці падобнае анадырка бачыла ў музэі.