Читать «Маскоўская Аўтаномная Акруга» онлайн - страница 16

Сяргей Іванавіч Тымнэтыкай

- У чым – ня бачу зусім. - Уладзь перавярнуўся на сьпіну. - Ідзі да мяне, паклікаў ён.

- Зараз… Толькі адпраўлю матэрыял у Анадыр…

***

- Тры дні хапіла табе для рэпартажу? Віншаваньні прымай, сяброўка! - Хрысьца пацалавала Вынтэнэ ў вусны. Пацалунак атрымаўся доўгім.

- Vinšuju! – сказаў Вінцук.

- Што? – не зразумела Вынтэнэ.

- “Vinšuju!” – значыць “Віншую!” на мове літвінаў, - пераклаў Уладзь.

- Ja-jašče-nie-razmaŭlać-na-lićvinskaj-movie.

- Małajčynka, - сказала Хрысьця. – U ciabie vielmi dobraje vymaŭleńnie. Зразумела ты, што я прамовіла?

- Трошкі… Але я вучуся!

- Прыемна гэта вельмі ёсьць, - пахваліў Вінцук.

- Дзякую…

- Што мы сёньня будзем рабіць? – спытаў Уладзь.

- За места паехаць сёньня можна, - прапанавала Хрысьця. – Ёсьць у недалёкай адлегласьці ставок невялікі адсюль. Купацца там – так, добра.

***

Тэлефон званіў як звар’яцелы. Вынтэнэ ўскочыла з ложку, стараючыся не абудзіць Уладзя. Хоць позна, ён ужо прачнуўся. Яна схапіла слухаўку.

- Вынтэнэ?! – яна пазнала голас рэдактара.

- Так, гэта я… Вы ведаеце, якая зараз гадзіна?

Але ён ня чуў.

- Ты што, з глузду з’ехала?! – крычаў рэдактар. – Што гэта за пісаніна?!

- Вы пра мой рэпартаж?

- Рэпартаж?! Гэта … сабачае, а не рэпартаж. Ты хоць зразумела сваё дурной башкой, што напісала?!

- Я напісала праўду. А што?

- Праўду?! Ты зусім дурная, ці прыкідваешся?!

- Чаго вы крычыцё?

- Гэта ж падрыўная дзейнасьць! Гэта ж… сепаратызм!

- Я такога не пісала…

- А як жа?! Чукчы, па-твойму, захопнікі?! Акупанты?!

- Не… Цяпер ужо не…

- Цяпер?! Ніколі! Ніколі мы такімі не былі! Масква дабраахвотна да нас далучылася! Чукчы выцягнулі яе зь дзікунства, з межпляменнай варажнечы. Пабудавалі школы, шпіталі! Пра гэта ты ня пішаш?

- Але перад гэтым мы зьнішчылі маскоўскую цывілізацыю.

- Маскоўскую цывілізацыю?! Дурніца!!! Хіба яны мелі цывілізацыю?!

- Мелі. І я бачыла яе руіны. І здымкі зрабіла…

- Зьнішчы іх зараз жа! Чуеш?! Зьнішчы!

- Што зьнішчыць?

- Здымкі, тэксты – усё! І вяртайся ў Анадыр, зараз жа.

- Зараз?

- Першым жа цягніком – да Казані, а адтуль - самалётам. З Казані дасі тэлеграму. Я пракантралюю!

- Ведаеце што?! Я вам не рабыня! І перастаньце крычаць на мяне!

- Крычаць?! Ды ты ведаеш, доўбня, куды ты ўлезла? Па-добраму табе кажу – зьнішчы матэрыял і вяртайся. Інакш будзе горш.

- І не падумаю! Ня хочаце друкаваць – ня трэба. Занясу ў іншы часопіс.

- Такое ніхто ў Чукотцы не надрукуе.

- Апублікую за мяжой. Мы, чукчы, павінны ўзяць адказнасьць за злачынствы продкаў.

- Вынтэнэ!

Дзяўчына паклала слухаўку. Тэлефон зазваніў ізноў. Яна яго адключыла.

***

- Чаго рэдактар твой тэлефануе пасярод ночы? – спытаў Уладзь.

- Ён жа ў Анадыры. У нас з Масквой 15 гадзін розьніца.

- Значыць гэта, у Анадыры зараз… 11 гадзін раніцы?

- Так, прыкладна… сказала Вынтэнэ.

- Хуткасьць працы вялікая. Учора толькі ты адправіла рэпартаж. У гадзіну, калі ў іх ноч. Калі прыходзіць на працу рэдактар твой?

- То бок?

- У які час, звычайна?.. а якой гадзіне?

- Дзявятай, - сказала Вынтэнэ. – Часам пазьней.

- Магчыма, справаў у яго нямала, таксама, - працягваў літвін. – Ня думаю, каб рэпартаж твой першачарговым лічыўся.