Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 99
Джон Фінемар
Лясныя стралкі старанна выконвалі яго загад. Шмат ужо разоў, схаваўшыся ў лясным гушчары або ў хмызняку, яны бачылі рыцараў у бліскучых даспехах і ўсміхаліся, назіраючы за каралём і яго лордамі з блізкай адлегласці, але ні разу не напялі яны цеціву лукаў і ніводзін гук не выдаў іх прысутнасці.
Аднаго дня Рычард пачаў са шкадаваннем гаварыць, што Робін Гуд, відаць, знік з твару зямлі. Стары ляснік, які стаяў побач, усміхнуўся і сказаў:
— He, мой гасудар, ён тут, у лесе. Гэта такая ж праўда, як тое, што я стаю перад вамі. Вы, ваша вялікасць, можаце лёгка сустрэцца з ім.
— Якім чынам? — спытаў кароль.
— Вы, мой гасудар, ходзіце, закуты ў браню, з вялікім узброеным атрадам. Хіба ж разбойнікі ў сваіх зялёных куртках выстаяць супраць вас, закаваных у жалезныя кальчугі? А калі вы адзенецеся як абат, тоўстыя сумкі якога абяцаюць багатую здабычу, ручаюся, ваша вялікасць, Робін Гуд не прымусіць сябе доўга чакаць.
Каралю Рычарду спадабаўся гэты план. Такая прыгода якраз па яго натуры. Ён вярнуўся ў Нотынгем і на другі дзень непрыкметна выехаў з горада ва ўборы абата, узяўшы з сабой толькі паўтузіна чалавек світы, апранутых як манахі, і двух уючных коней з цяжкай паклажай.
He паспеў ён паглыбіцца і на тры мілі ў лес, як раптам яму загадалі спыніцца. На павароце дарогі з гушчару выйшаў чалавек у прыгожым зялёным адзенні з лукам у руцэ і калчанам стрэл на поясе і ўзяў за аброць абатавага каня. У вачах у яго іскрыліся вясёлыя агеньчыкі, калі ён далікатна сказаў:
— Пане абат, зрабіце ласку, затрымайцеся крыху тут са мной і маімі людзьмі,— і памахаў сваім лукам.
З кустоў адразу выскачылі каля дваццаці бравых малайцоў і акружылі падарожнікаў. Камандаваў імі высокі ёмен, на твары якога расплылася шырокая ўсмешка, калі ён убачыў цяжкую паклажу на конях. Рычард уважліва паглядзеў на яго і пазнаў Маленькага Джона. Ён перавёў позірк на чалавека, які трымаў яго каня, і здагадаўся, што перад ім стаіць Робін Гуд. Нарэшце!
— А хто вы такія, што перагарадзілі мне дарогу? — спакойна, строгім тонам спытаў Рычард Львінае Сэрца.
У голасе абата Робін Гуду пачуліся ўладныя ноткі. Ён сцепануўся, глянуў на яго праніклівым позіркам, але вялікі капялюш з шырокімі палямі закрываў твар абата. Робін Гуд сказаў:
— Паверыш, добры ёмен, — сказаў кароль, — у мяне засталося толькі сорак фунтаў. Я быў у Нотынгеме разам з каралеўскім дваром і патраціўся на пачастункі высокім асобам, што прыехалі з каралём.
— Значыць, ты верны прыхільнік нашага караля Рычарда? — ажывіўся Робін Гуд.
— Ты не памыліўся, ёмен. Я люблю яго, як самога сябе.
— Гэтым ты збярог сабе палову грошай, пане абат. Аддай мне дваццаць манет, а астатнія дваццаць пакінь сабе на дарогу.
— Вялікі дзякуй, — падзякаваў абат. — Ты сціплы чалавек, ёмен. Я павінен сказаць, што прыехаў сюды, каб знайсці цябе і запрасіць у Нотынгем на спатканне з каралём. Ён хоча пагаварыць з табой і пасылае табе ахоўную грамату. Вось яго пячатка, каб ты не сумняваўся.