Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 97
Джон Фінемар
Ён імгненна разрэзаў на Уілу вяроўкі, выхапіў з рук аднаго з шэрыфавых людзей меч і аддаў сябру.
— Цяпер, дружа, змагайся за сваё жыццё, — сказаў ён, і двое сяброў сталі спіна да спіны, з выклікам пазіраючы на натоўп узброеных людзей.
Усё адбылося так хутка, што шэрыф знямеў ад здзіўлення і нібы прырос да сядла. Але неўзабаве мова вярнулася да яго, і ён закрычаў на ўсё горла:
— Гэта ён! Ен! Велікан — той самы шэльма, што абдурыў караля і мяне. Ілжэпасланец! Хапайце яго! He, лепш закаліце! Закаліце! Гэта больш надзейна!
Лёгка аддаць загад, але цяжка загад выканаць. Ды яшчэ які — закалоць Маленькага Джона! Ён прыкрыў грудзі шчытом і круціў над галавой доўгім мячом. Расчырванелы яго твар свяціўся радасцю бітвы. Волат быў гатовы праткнуць кожнага, хто адважыцца падысці да яго на даўжыню клінка.
Раптам з дзесяткаў глотак вырваўся крык здзіўлення і жаху. Пасля працяжнага звонкага гуку ражка з лесу выбег атрад стралкоў і рынуўся на шэрыфава войска.
— Разбойнікі! Разбойнікі Робін Гуда! — крычалі леснікі.— Страляйце, сячыце іх алебардамі, каліце коп’ямі! Страляйце, сячыце, каліце! Біце іх! Біце!
— Гуд! Гуд! Робін Гуд! — чуўся грымотны кліч, і зялёныя стралкі з Робін Гудам на чале кінуліся на ворагаў.
Атака была такая раптоўная і рашучая, што шэрыфавы людзі не ўстаялі і разам са сваім начальнікам адступілі ў горад.
Робін Гуд загадаў стралкам вяртацца ў лес: Уіла Ст’ютлі яны вызвалілі і няма патрэбы яшчэ праліваць кроў. Да таго ж шэрыфава войска апамяталася ўжо ад панікі. Шэрыф сабраў узброены атрад у тры разы большы за дружыну Робін Гуда. Таму Робін Гуд як разважлівы камандзір вырашыў адступіць.
Зялёныя стралкі пачалі адыходзіць у лес, хмарамі стрэл адганяючы ворага. Але ў шэрыфавым войску знайшліся храбрацы, якія кінуліся ў пагоню за разбойнікамі.
На ўзлеску Маленькі Джон упаў на траву. Страла трапіла яму ў нагу.
— Атаман! — крыкнуў ён. — Я не магу бегчы… Зрабі ласку, адсячы мне галаву сваім мячом. He хачу трапіць у палон на радасць шэрыфу.
— Небам клянуся, гэтага не будзе, Джон! — сказаў Робін Гуд. — Ты мне даражэй за ўсе скарбы Англіі.— Ён павярнуўся тварам да ворагаў, каб не даць ім наблізіцца да Маленькага Джона, а Мач узваліў магутнае цела волата сабе на плечы, як пушынку, і панёс.
Дружына Робін Гуда з боем адступала ў лес. Становішча іх з кожнай хвілінай пагаршалася. Ужо сем чалавек былі цяжка паранены, але ніводнага з іх не пакінулі на расправу шэрыфу. Шмат людзей пападала і ў яго войску, і ўсё ж націск ворага рабіўся мацнейшы.
Зялёныя стралкі мужна адбіваліся. Робін Гуд адзін быў варты многіх. Адна за адной ляцелі яго стрэлы, і кожны раз хто-небудзь з людзей шэрыфа падаў на зямлю. Далёка ляцелі яго стрэлы, не падпускаючы блізка раз’юшаных ворагаў. Яму памагалі Уіл Скарлет, Ст’ютлі, Хэл і Хоб. Жалезны дождж іх вострых стрэл адганяў ворагаў, пакуль верныя сябры не аднеслі параненых далей у лес.
Бой ужо ішоў на лясной дарозе, а з яе перакінуўся на шырокае міжлессе, дзе за глыбокім ровам узвышаліся шэрыя каменныя сцены прыгожага замка.