Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 100

Джон Фінемар

Рычард дастаў з-пад плашча каралеўскую пячатку і паказаў яе Робін Гуду. Робін апусціўся на калена ў знак павагі да яе. Усе стралкі як адзін адкінулі на плечы капюшоны і стаялі з непакрытымі галовамі.

— Вось як! — здзівіўся кароль Рычард. — А мне гаварылі, ёмен, што ты здрадзіў каралю, злосна парушаеш яго законы і чыніш адно толькі ліха.

— He, пане абат, — сказаў Робін Гуд. — Я ненавіджу несправядлівых шэрыфаў і сквапных манахаў, гэта праўда. Але нікога на свеце так не люблю, як нашага доблеснага караля Рычарда Львінае Сэрца. Калі ты яго пасланец і маеш пры сабе яго пячатку, ты жаданы госць у Шэрвудскім лесе. Я запрашаю цябе пад наш запаветны дуб на абед у гонар яго вялікасці караля Англіі.

З гэтымі словамі атаман разбойнікаў узяў за аброць каня караля, і неўзабаве яны апынуліся каля магутнага дуба, пад якім заўсёды збіралася лясная дружына Робін Гуда. Тут ён затрубіў у ражок, і з лесу шэраг за шэрагам выйшлі прыгожа апранутыя і добра ўзброеныя малайцы і дружна сталі на калені перад сваім атаманам.

«Клянуся, — падумаў Рычард, — гэтыя разбойнікі больш адданыя свайму атаману, чым мае рыцары мне, каралю».

Хутка падалі шчодры абед. Абата і яго людзей запрасілі да стала. Рычард еў і піў са смакам.

Пасля абеду Робін Гуд сказаў свайму госцю:

— Цяпер, пан абат, паглядзіце, як мы бавім вольны час, а потым раскажаце каралю нашаму Рычарду.

Пачаліся спартыўныя гульні. Барацьба, паядынкі на дубінках і самае любімае спаборніцтва лясных стралкоў — стральба з лука.

У дальнім канцы паляны ўторкнулі ў зямлю доўгі тонкі прут. Яго трэба расшчапіць стралой надвае. Другой мішэнню служыў вянок з руж. Страла павінна трапіць усярэдзіну яго і не зачапіць ні лістка, ні пялёстка.

— Далекавата! — усклікнуў Рычард. — Да гэтых мішэняў сама мала пяцьдзесят крокаў!

— Правільна, — усміхнуўся Робін Гуд. — Якая карысць страляць па лёгкай цэлі? А яшчэ ў нас ёсць умова: хто прамажа, атрымае добрую аплявуху.

— А не робяцца ворагамі людзі пасля гэтага?

— He, пан абат. Аплявухі дае наш капелан, брат Тук, а царкоўная кара прымаецца з пакорай. Хадзі сюды, брат Тук, хутка пачнецца стральба.

Таўстун манах з жалем палажыў вялікі недаедзены кавалак пірага з дзічынай і падышоў да Робін Гуда. Ён павітаўся з абатам: прамармытаў нешта па-латыні. Абат адказаў яму на добрай лацінскай мове і спытаў:

— I ты б’еш іх з усяе моцы, брат?

— Вядома, з усяе, — адказаў брат Тук, — бо калі людзі нашы пачнуць страляць абы-як, нам не мінуць бяды. Таму за няўдалы стрэл караем добрай аплявухай.

Пачалося спаборніцтва стралкоў. Рычард толькі дзіву даваўся майстэрству ёменаў у зялёных куртках. Але вось Мачу не пашанцавала, і страла праляцела міма прута. Няўдачніка адразу падвялі да дужага капелана, той размахнуўся — і Мач апынуўся на зямлі. Потым, усім на здзіўленне, схібіў Маленькі Джон. Ён не пацэліў стралой у вянок. I хоць быў ён волат волатам, але і яго зваліла на зямлю цяжкая рука брата Тука. Стралкі дружна зарагаталі, калі памочнік атамана расцягнуўся на траве. Няўдача напаткала і самога Робін Гуда: яго страла закранула вянок. Пад дружны рогат ён падышоў да брата Тука, які ўжо прымерваўся да ўдару, і, усміхаючыся, сказаў: