Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 98

Джон Фінемар

Вартавы на вежы ўбачыў жорсткую бойку каля самага замка і затрубіў у рог. У замку ўзнялася трывога. Усе кінуліся на сцены. Адным з першых там апынуўся рыцар, якому належаў замак. Ён адразу пазнаў тых, што адступалі, і паспяшаўся да пад’ёмнага моста. Апусціў яго і пабег насустрач атраду Робін Гуда.

— У замак! — крыкнуў ён. — У замак! Нясіце сюды параненых і самі хавайцеся! Мой дом — твой дом, — сказаў ён Робін Гуду.

Гэта быў сэр Рычард Лi. Гэты высакародны рыцар не забываў дабра. Яго запрашэнне як ніколі было жаданым.

Зялёныя стралкі ўвайшлі ў замак пад ахову яго моцных каменных сцен. Калі шэрыф са сваім войскам падступіўся да рова, ён пачуў толькі, як ляснула апускная рашотка і зарыпеў пад’ёмны мост, які ўзняўся ўгору перад самым іх носам.

Апанаваў шэрыфа гнеў: — Ты, рыцар, здрадзіў нам! Злачынца ты схаваць пасмеў. Ён вораг караля!

Сэр Рычард вызірнуў па-над сцяной замка:

— Сэр, я адказваю за свой учынак і гатовы заплаціць за яго сваімі землямі. Ідзіце да караля, і няхай ён скажа вам сваю волю. А пакуль што Робін Гуд і яго людзі знойдуць надзейны прытулак у маім замку.

Шэрыф паскакаў у Лондан і далажыў усё каралю.

— Клянуся каронаю і рыцарскім званнем, — сказаў Рычард Львінае Сэрца, — людзі гэтыя верныя ў дружбе. Чым больш я чую пра іх, тым больш мне хочацца сустрэцца з імі і пагаварыць. Вяртайцеся назад, шэрыф, і не хвалюйцеся. Я хутка прыеду ў Нотынгем і сам ва ўсім разбяруся.

Шэрыф панурыўся, расчараваны. Ён думаў, што кароль загадае яму падняць усё графства супраць сэра Рычарда Лі. Але яму давялося з крыўдай у душы вяртацца дамоў ні з чым і чакаць прыезду караля.

А тым часам Рычард Лі шчодра частаваў Робін Гуда і яго таварышаў, а жонка клапатліва лячыла Маленькага Джона і астатніх параненых.

Раздзел дваццаць трэці

Кароль Рычард сустракаецца з Робін Гудам

Праз некаторы час кароль Рычард Львінае Сэрца прыехаў у Нотынгем з намерам сустрэцца з Робін Гудам. З вялікім атрадам рыцараў ён выправіўся ў Шэрвудскі лес, спадзеючыся натрапіць на стан разбойнікаў або выпадкова стрэць каго-небудзь з іх. Але хоць і прачэсвалі лес ва ўсіх кірунках, нічога і нікога не знайшлі. Лес быў пусты і маўклівы. Нідзе ні жывой душы. Толькі алені іншы раз прабягалі між дрэў ды пад ветрам гайдалася голле магутных дубоў.

Кароль Рычард упарта працягваў пошукі. Лес прачасалі ўдоўж і ўпоперак, але марна. З такім жа поспехам ён мог бы спакойна сядзець у Лондане на сваім троне. Паход у Шэрвудскі лес сустрэчы з Робін Гудам не наблізіў.

— Каралеўствам прысягаю, — сказаў нарэшце Рычард, — усё гэта вельмі дзіўна. Мне казалі, што людзі Робін Гуда аж кішаць у Шэрвудскім лесе, што ніхто не пройдзе нават па самай глухой сцежцы, каб яны яго не заўважылі. А мне яшчэ не трапіўся на вочы ні адзін чалавек.

I не дзіва. Робін Гуд паклапаціўся пра тое, каб кароль нікога не ўбачыў. Ён любіў Рычарда Львінае Сэрца і не хацеў, каб нават волас упаў з галавы караля або яго світы, таму строга загадаў сваім людзям не выходзіць на дарогі і сцежкі, трымацца далей ад іх.