Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн

Джон Фінемар

Джон Фінемар

Сказ пра Робін Гуда

Раздзел першы

Як Робін Гуд зрабіўся разбойнікам

Аднойчы, даўным-даўно, у тую пару, калі Англіяй правіў першы кароль з дынастыі Плантагенетаў — Генрых II, па Шэрвудскім лесе шпарка ішоў рослы, дужы, ладны юнак у кароткай зялёнай куртцы і такіх жа штанах у абліпку, з сіняй шапачкай на галаве. Цераз плячо ў яго быў перакінуты вялікі лук, на баку вісеў калчан з доўгімі стрэламі, а на поясе кароткі паляўнічы нож.

Высокі юнак выйшаў на паляну, акаймаваную векавымі дубамі. Раптам ён спыніўся. Па паляне імкліва прамчаўся статак п лямістых аленяў. Адной рукой юнак схапіўся за лук, другая рванулася да калчана, але ён стрымаўся, не дазволіў сабе выхапіць стралу. Ён ведаў: тут каралеўскі лес і алені належаць каралю. За забойства хоць аднаго каралеўскага аленя чалавек можа паплаціцца жыццём. А бывала і горш: чалавеку выколвалі вочы і так страшна нявечылі, што смерць здавалася яму жаданым збавеннем.

Не толькі боязь пакарання спыніла руку юнака. Ён ішоў у горад Нотынгем, каб наняцца да караля на службу лесніком, і нядобра было б самому парушаць закон. Юнак пайшоў далей па шырокай травяністай паляне, на якой сям-там раслі кусты вастраліста і ляшчынніку, як раптам пачуў ззаду рэзкі вокліч:

— Стой! Хто гэта так смела ходзіць па каралеўскім лесе?

Юнак павярнуўся і ў цяні разложыстага куста вастраліста ўбачыў купку людзей, чалавек пяць-шэсць. Яны сядзелі на зямлі, і толькі адзін стаяў — ён і аклікнуў юнака. Хлопец адразу зразумеў, што гэта каралеўскія леснікі, якія ахоўваюць запаведнік і аленяў. Ён пачціва пакланіўся ім і чалавеку, які яго аклікнуў. Па ўбранні і сярэбраным паляўнічым ражку ў яго на поясе ён здагадаўся, што перад ім галоўны ляснік.

— Завуць мяне Роберт Фітцат, — адказаў юнак. — Але шмат хто кліча мяне Робін Гуд. Бацькоў у мяне няма — памерлі. Іду я ў Нотынгем.

— Чаго ты ідзеш туды?

— Хачу стаць каралеўскім лесніком.

— Ха-ха! — пагардліва рагатнуў галоўны ляснік. — Лягчэй сказаць, чым зрабіць! — I працадзіў скрозь зубы: — Кожны беззямельны мужык або вольны бадзяга марыць далучыцца да нашай сумленнай кампаніі. Якая карысць нам ад такога сысунка, як ты? Нам патрэбны сапраўдны мужчына, а ў цябе ад мужчыны толькі вялікі лук.

— Яго лук і мужчыне не пад сілу, — закрычаў адзін з леснікоў.— Гляньце, які тугі! Ручаюся, гэты блазнюк нават не напне яго.

— I праўда, — усміхнуўся галоўны ляснік, — слаба верыцца, што ён яму паддасца. Носіць яго, каб выхваляцца.

Вочы Робіна ўспыхнулі, кроў кінулася яму ў твар.

— Са сваім лукам я спраўлюся і з любым з вас паспрачаюся ў меткасці! — усклікнуў ён.

— А на што ты заложышся? — спытаў галоўны ляснік.

— Грошай у мяне няма, — з запалам адказаў юнак,— але кладу галаву супраць вашага кашалька, што траплю ў любую цэль, якую вы пакажаце.

— Згода! — зласліва выкрыкнуў галоўны ляснік. — Вунь твая цэль. — Ён паказаў рукой у бок паляны: якраз у той момант туды прымчаўся статак аленяў і спыніўся, заўважыўшы людзей. Важак — магутны самец — ускінуў рагатую галаву, пачаў нюхаць паветра і нецярпліва біць капытом зямлю.