Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 95

Джон Фінемар

Што датычыцца пажа, які ехаў з келарам, дык яму прыйшлося даспадобы жыццё ў Шэрвудскім лесе. Ён не вярнуўся ў Нотынгем, а стаў служыць Робін Гуду. З цягам часу зрабіўся такім жа добрым лясным стралком, як і ўсе астатнія вольныя стралкі Робін Гуда.

Раздзел дваццаць другі

Уіл Ст'ютлі трапляе ў пастку

Здарылася так, што ў тую ноч, калі Робін Гуд, Маленькі Джон і Мач уцякалі з Нотынгема, іх бачыў адзін чалавек — сусед шаўца Лоба. Ён прачнуўся ад трывожнага гулу набата і крыкаў людзей і выбег на вуліцу, каб даведацца, што здарылася. Калі вяртаўся дамоў, з даху Лобавай майстэрні яму пачуліся ціхія крокі, нібы хтосьці краўся. Чалавек гэты, якога звалі Хіг, быў сквапны і прадажны. Ён стаіўся і пачаў сачыць за домам Лоба. Неўзабаве ўбачыў на гарадской сцяне тры чалавечыя цені. Але толькі раніцай, калі вяшчальнік шэрыфа абвясціў па ўсім горадзе, што назначана вялікая ўзнагарода таму, хто схопіць Робін Гуда і двух яго хаўруснікаў, якія выдаюць сябе за пасланцоў караля, ён зразумеў, каго ён бачыў уначы.

Доўга не думаючы Хіг пабег да шэрыфа і расказаў яму пра тое, што бачыў. Шэрыф вырашыў схапіць Лоба. Ён збіраўся ўжо аддаць загад, ды раптам падумаў: «Лоб усяго толькі просты шавец. Яго арышт мне мала што дасць. Калі разбойнікі выкарысталі яго майстэрню для ўцёкаў,значыць, яны з Лобам добра знаёмыя, наведваюцца да яго. Лепш загадаю назіраць за яго домам, і, магчыма, у гэту пастку трапіць больш важная птушка, чым Лоб».

Шэрыф заплаціў даносчыку дванаццаць сярэбраных пенсаў і абяцаў даць яшчэ пяцьдзесят за тое, што Хіг будзе пільна сачыць за шавецкай майстэрняй і адразу ж паведаміць яму, калі ў яе зойдуць падазроныя людзі.

Хіг паклаў грошы ў кішэню і з таго дня пачаў цікаваць за дваром Лоба. Мінула больш тыдня, і нарэшце Хіг, запыханы, прыбег да шэрыфа.

— У Лоба нейкі незнаёмы чалавек, — паведаміў ён. — He гарадскі жыхар. Відаць, лясны разбойнік.

Шэрыф загадаў тром стражнікам схапіць незнаёмца, якога яны заспеюць у шаўца Лоба, і прывесці да яго. Стражнікі заспяшаліся да Лоба, уварваліся ў майстэрню і засталі гаспадара за гутаркай з рослым, моцнага складу чалавекам. Гэта быў Уіл Ст’ютлі. Па даручэнню атамана ён прабраўся ў горад, каб праверыць, ці ўсё добра ў Лоба, ці не падазраюць яго ва ўцёках Робін Гуда і яго сяброў. I выйшла так, што клопат пра чалавека, які дапамог Робін Гуду выратавацца, прывёў да правалу Уіла Ст'ютлі. Нікому і ў галаву не прыйшло, што па загаду шэрыфа за Лобам тайна сочыць хітры і прадажны сусед.

Адзін з шэрыфавых людзей ведаў Уіла Ст’ютлі ў твар і адразу пазнаў яго.

— Гэта лясны разбойнік! — закрычаў ён. — Хапайце яго, хлопцы. Шэрыф будзе сам не свой ад радасці. Гэта ж адзін з завадатараў шайкі!

Уіл хуценька выхапіў меч і кінуўся да дзвярэй. Завязалася жорсткая барацьба. Ст’ютлі забіў двух праціўнікаў і выскачыў на двор. Але там яго чакалі новыя ворагі, яны адолелі яго.