Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 93
Джон Фінемар
Ноч выдалася бязмесячная. У вузкіх праходах між дамоў было хоць вока выкалі, сябры не бачылі адзін аднаго.
Маленькі Джон на імгненне спыніўся і ўсунуў у рукі Робін Гуду крысо свайго плашча, а той падаў Мачу крысо сваёй курткі. Трымаючыся адзін за аднаго, яны пабеглі далей. Маленькі Джон кідаўся то ў адзін завулак, то ў другі, бо ведаў кожны куточак у Нотынгеме і нават ноччу мог знайсці дарогу.
Нарэшце ён спыніўся пад нейкай аркай. Уцекачы стаіліся і прыслухаліся. Гоман і крыкі на вуліцах рабіліся ўсё гучнейшыя, набатны звон не пераставаў грымець, у вокнах замільгалі агеньчыкі, гараджане пачалі выскокваць з дамоў.
— Што здарылася? Пажар ці грабежнікі напалі на горад? — чуліся крыкі.
— Пастаім тут, пакуль на вуліцах не збяруцца людзі,— сказаў таварышам Маленькі Джон. — А тады змяшаемся з імі, і нас ніхто не пазнае.
Неўзабаве паўз іх прабеглі некалькі гараджан з палкамі і алебардамі ў руках і двое ці трое з ліхтарамі. Праз некалькі хвілін ужо шмат людзей мітусілася на вуліцах, пыталі адзін у аднаго, што здарылася. Тром сябрам можна было цяпер пакінуць сваё сховішча і далучыцца да натоўпу, не баючыся, што на іх звернуць увагу.
Маленькі Джон зноў павёў сяброў, і хутка яны зразумелі, што ідуць да майстэрні шаўца Лоба. Калі падышлі да веснічак, нехта на вуліцы гучна сказаў:
— З турмы ўцёк разбойнік Робін Гуд. Каля ўсіх варот моцная ахова. Есць загад абшукаць у горадзе кожны дом.
— Навіна якраз для нас, — ціхенька засмяяўся Маленькі Джон. — Трэба як мага хутчэй выбірацца з горада.
Ён хуценька падышоў да акна Лобавай майстэрні і лёгенька пастукаў у аканіцу. Шавец адчыніў аканіцу. Акенца было невялічкае, без шкла — проста вузкая адтуліна ў сцяне. Маленькі Джон усунуў у яе галаву.
— Лоб, — прашаптаў ён, — ты дома адзін?
— Адзін, Джон, — таксама шэптам адказаў шавец, пазнаўшы голас памочніка Робін Гуда.
— Дык хутчэй адчыняй дзверы і дай нам зайсці.
Шавец таропка адчыніў дзверы, і ўцекачы ўвайшлі ў дом. Лоб зноў зачыніў аканіцу і запаліў лямпу. Тут ён убачыў Робін Гуда і аж заззяў ад шчасця. Атаман на свабодзе!
— А цяпер не марудзь, Лоб, — сказаў Маленькі Джон. — Нам трэба як мага хутчэй выбрацца з горада.
— Падымайцеся па гэтай лесвіцы на дах, — сказаў шавец. — Там ляжыць скручаная вяроўка.
Усе падняліся па прыступках наверх і вылезлі на дах, а адтуль перабраліся на гарадскую сцяну. Першым абвязалі вяроўкай і спусцілі па другі бок сцяны Робін Гуда. Потым Маленькі Джон апусціў Мача, а сам ухапіўся за край сцяны і саскочыў уніз, бо Лоб не ўтрымаў бы яго. Шавец хуценька скруціў вяроўку і вярнуўся ў дом, а трое сяброў падаліся ў лес.
Недзе звонка закукарэкаў певень. Робін Гуд зірнуў на ўсход.
— Мы своечасова ўцяклі,— сказаў ён. — Яшчэ трохі, і было б позна. Хутка развіднее.
Неба на ўсходзе пашарэла, вось-вось падымецца сонца. Трое разбойнікаў з усіх ног прыпусцілі ў лес.
А ў горадзе шэрыф не мог дачакацца раніцы. Ён быў упэўнены, што, калі развіднее, Робін Гуда зловяць і зноў пасадзяць у цямніцу. Яго, як і іншых гараджан, пабудзіў набатны звон. Нельга апісаць словамі, як ён шалеў ад злосці, калі яму далажылі, што вязень уцёк з турмы.