Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 94
Джон Фінемар
А разам з гневам прыйшоў страх. Шэрыф не знаходзіў сабе месца. Ён баяўся за свой лёс.
— Як я гляну ў вочы каралю! — лямантаваў ён. — Калі я паяўлюся перад ім без Робін Гуда, ён пашле мяне на вісельню. Я ведаю яго!
Шэрыфу неабходна было злавіць уцекача, не толькі каб накінуць вяроўку на яго шыю, але каб выратаваць ад вяроўкі сваю.
Калі яму паведамілі, што ніводзін чалавек не выйшаў ноччу праз вароты з горада, на душы ў яго крыху палегчала.
— Гэты шэльма, відаць, хаваецца ў каго-небудзь з прыяцеляў,— вырашыў ён. — Хутка развіднее, мы абшукаем кожны дом, кожную павець, кожны склеп, кожны хлеў і схопім яго.
Як і гаварыў шэрыф, раніцай ператрэслі ўвесь горад, але дарэмна: Робін Гуд быў ужо ў Шэрвудскім лесе. На сэрцы ў яго было весела і радасна, як у птушкі, што сядзіць на зялёнай галіне пад пяшчотным майскім сонейкам.
Зноў і зноў дзякаваў Робін Гуд сваім верным сябрам за выратаванне ад смяртэльнай небяспекі, а стралкі высока ўзнімалі лукі, вітаючы свайго атамана, які вярнуўся да іх цэлы і здаровы.
Маленькі Джон сказаў Робін Гуду:
— Атаман, я дабром заплаціў табе за крыўду, бо ведаў, што ты пакутуеш у турме і можаш загінуць. Цяпер, калі ты на волі і зноў стаіш пад нашым запаветным дубам, я развітваюся з табой. Бывай і будзь здароў.
— He, Маленькі Джон, не! — горача ўсклікнуў Робін Гуд. — He пакідай мяне. Я вельмі шкадую аб сваім учынку. Клянуся, ты лепшы камандзір, чым я. Бяры пад сваю каманду нашу лясную дружыну і мяне. Будзь атаманам.
Словы Робін Гуда кранулі добрае сэрца волата. Ён сказаў:
— He, атаман, гэтага ніколі не будзе. Як і дагэтуль, буду тваім верным паплечнікам і больш нікім — толькі зялёным стралком Робін Гуда.
I зноў сябры стаялі поплеч пад векавым дубам — атаман і яго першы памочнік. Вечарам усе весела адзначылі гэту радасную падзею сяброўскай вячэрай.
А нотынгемскі шэрыф упаў у роспач, калі даведаўся, што Робін Гуд зноў гуляе са сваёй вольніцай у Шэрвудскім лесе. Ён напісаў пісьмо каралю Рычарду, молячы яго дараваць яму. У канцы ён пісаў, што яго не падманулі б, каб не паказалі каралеўскую пячатку.
Блакітныя вочы Рычарда наліліся гневам, і кроў прыліла да твару. Але гнеў ніколі доўга не муціў розуму Рычарда Львінае Сэрца, і неўзабаве дзёрзкі ўчынак разбойніка нарадзіў у ім больш высокія пачуцці.
— Клянуся каронаю, мілорды, — сказаў ён сваім прыбліжаным, — чалавек гэты шчыра адданы свайму атаману. Ён любіць Робін Гуда мацней, чым караля. Хацеў бы я мець такіх верных і адданых прыхільнікаў. Робін Гуд павек у даўгу перад адважным Маленькім Джонам за сваё вызваленне. Шчыра кажучы, лоўка ашукаў мяне гэты шэльма. Такіх слаўных ёменаў у Англіі на пальцах адной рукі пералічыць можна. Я гатовы аддаць дыямент з маёй кароны, абы сустрэцца з Робін Гудам, у якога такія верныя паплечнікі. Каторы ўжо раз выслізвае ён з маіх рук! — Рычард усміхнуўся, прыгадаўшы, як шчодра адарыў ён двух разбойнікаў, у якіх была толькі адна мэта — вызваліць Робін Гуда з няволі.