Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 85

Джон Фінемар

— Калі б мяне ўдарыў хто іншы, а не мой атаман, — гнеўна сказаў Маленькі Джон, — меч гэты пабарвавеў бы ад яго крыві. Пашукай сабе каго іншага ў памочнікі, Робін Гуд, а я пайду ад цябе.

Яны разышліся ў розныя бакі. Робін Гуд пайшоў у Нотынгем, а Маленькі Джон павярнуў назад у лес. Мала-памалу гнеў Робін Гуда астыў, і ён вельмі шкадаваў, што абразіў вернага свайго паплечніка. «Я памалюся перад алтаром Святой Марыі, каб Маленькі Джон прабачыў мне і памірыўся са мной», — падумаў Робін Гуд, калі падышоў да горада і ўбачыў царкоўную званіцу, якая высока ўзнімалася над гарадскімі сценамі.

Ён лёгка прайшоў праз вароты, бо брамнікі не сталі прыглядацца да адзінокага падарожніка ў простай сялянскай адзежы, і адразу падаўся да царквы. Там ён укленчыў перад алтаром, памаліўся і папрасіў, каб яму даравана было выйсці з горада гэтак жа бесперашкодна, як ён увайшоў.

У самы разгар набажэнства ў царкве паявіўся высокі манах у чорнай pace. Па бакавым праходзе ён пайшоў на сваё месца ў алтары. Раптам манах спыніўся і ўтаропіўся на чалавека, які стаяў на каленях па другі бок калоны. На ім была вопратка з шэрай даматканай тканіны, капюшон плашча ляжаў на плячах, бо, заварожана слухаючы казань свяшчэнніка, ён высока ўзняў галаву.

Чорны манах нарэшце пераканаўся, што не памыліўся. Так, ён ведае яго, гэта Робін Гуд! У вачах у манаха ўспыхнулі гнеў і нянавісць. Ён асцярожна павярнуўся і паспяшаўся да выхада.

А Робін Гуд стаяў, укленчыўшы, на чарацянай маце і не падазраваў, што келар манастыра Святой Марыі пазнаў яго і цяпер спяшаецца прыняць захады, каб схапіць свайго ворага.

Чорны манах выйшаў з царквы і ледзь не подбегам кінуўся да шэрыфа. Але спачатку падышоў да брамнікаў і загадаў ім:

— Зачыніце браму! Замкніце на замкі і завалы! У горадзе небяспечны злачынец! Галавой адкажаце, калі дазволіце хоць каму-небудзь выйсці з горада ці ўвайсці, пакуль шэрыф не аддасць загаду.

Брамнікі адразу зачынілі вароты і наклалі завалы.

— Ага, нарэшце папаўся ён мне! Я злавіў самога Робін Гуда! — не памятаючы сябе ад радасці, крычаў келар, спяшаючыся да шэрыфа. — З горада яму не выбрацца. Трапіў, як птушка, у наша сіло!

Ён бесцырымонна ўварваўся ў дом шэрыфа і ўляцеў у гасціную. Шэрыф драмаў, разваліўшыся ў крэсле.

— Прачніцеся! — закрычаў келар. — Добрая вестка! Я прынёс добрую вестку! Каралеўскі злачынец у горадзе! Я высачыў яго. Ён у царкве на абедні, там яго можна схапіць! Калі і гэты раз яму ўдасца выслізнуць з рук закону, гора вам!

— Што за гвалт? — спытаў спрасонку шэрыф. — Пэўна, зноў нейкі зладзюжка спустошыў манастырскую курасадню…

— Нейкі зладзюжка! Курасадня! — зароў манах. — Хіба я не сказаў, хто ён? Ха, нішто сабе зладзюжка, пан шэрыф… Гэта ж сам Робін Гуд!

Ад гэтага імя з шэрыфа ўміг зляцелі апошнія рэшткі сну. Ён усхапіўся з крэсла. Іх разгарачаныя позіркі сустрэліся.

— Робін Гуд! — ледзь не задыхнуўся шэрыф. — Зноў у Нотынгеме? He можа быць!

— Чыстая праўда, пан шэрыф! Толькі што я сам бачыў яго ў царкве Святой Марыі. Вы што, думаеце, я сляпы? Ды сярод тысячнага натоўпу я пазнаю гэтага праклятага грабежніка. Ён адабраў у мяне сотні залатых фунтаў. Абат вельмі сварыўся на мяне за гэта. He, пан шэрыф, я не памыліўся. Яго твар навекі ўрэзаўся мне ў памяць. Я заўсёды пазнаю яго.