Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 84

Джон Фінемар

— А цяпер, Маленькі Джон, схадзі ў скарбніцу і прынясі палавіну тых грошай, што заплаціў мне чорны манах. Манастыр Святой Марыі быў вінен нам чатырыста залатых, а келар прывёз восемсот.

Памочнік атамана прынёс чатырыста фунтаў, і Робін Гуд аддаў іх сэру Рычарду. Рыцар адмаўляўся браць, але Робін Гуд настояў на сваім.

— Быць рыцарам цяжка. Трэба мець шмат грошай, — сказаў ён. — А я тут, у лесе, мала трачу. I калі здарыцца так, што вы зноў трапіце ў бяду, прыходзьце да Робін Гуда, і ён падзеліцца з вамі тым, што будзе ў яго ў казне. А зараз мы накрыем стол для вас і вашых спадарожнікаў, бо ўсе вы, відаць, прагаладаліся пасля такога далёкага падарожжа.

I зноў прынеслі яду і пітво. Рыцар са сваімі людзьмі елі і пілі і дзякавалі свайго гасціннага гаспадара — сябра і заступніка ўсіх гаротных і прыгнечаных, ворага жорстскіх тыранаў.

Раздзел дваццаць першы

Робін Гуд у няволі

Быў майскі ранак — тройцын дзень, Ззяў сонцам неба гмах, На дзёран лёг пярэсты цень, Лес поўніў шчэбет птах.

Такога цудоўнага ранку, як у тую нядзелю ў маі, даўно ўжо не бачыў Шэрвудскі лес. Шчодра прыгравала яркае сонца. Маладую лістоту дубоў пяшчотна лашчыў лёгкі подых ветрыку, свежага і духмянага. Трава стракацела рознакаляровымі дзікімі кветкамі. Плямістыя алені пакінулі адкрытыя сонцу пагоркі і разлегліся пад цяністымі шатамі дрэў. Гэта быў самы чароўны дзень ранняга лета, і прыпаў ён якраз на тройцын дзень.

— Які светлы радасны ранак! — сказаў Маленькі Джон Робін Гуду. — На душы так лёгка і весела, што, здаецца, няма на зямлі чалавека, шчаслівейшага за мяне.

Робін Гуд нічога яму не сказаў. Маленькі Джон зірнуў на свайго атамана і ўбачыў сум на яго твары.

— Кінь журыцца, атаман, — падбадзёрыў яго Маленькі Джон. — Глянь, якая цудоўная майская раніца!

— Мяне гняце думка, — сказаў Робін Гуд, — што ў такі ўрачысты дзень мне нельга пайсці ў царкву. Даўно ўжо не быў я там.

— Бліжэй, чым у Нотынгеме, царквы няма, — умяшаўся ў гутарку Мач Млынароў сын, які стаяў побач.

— Што ж, значыць, пайду ў Нотынгем, — рашуча сказаў Робін Гуд. — У царкву Святой Марыі.

Мач з Маленькім Джонам спрабавалі адгаварыць яго, але дарэмна.

— Нікому і ў галаву не прыйдзе, што я магу паявіцца ў горадзе ў нядзелю, — даводзіў ім Робін Гуд. — Надзену шэры плашч з вялікім капюшонам і насуну яго на самы твар. Небяспека не болылая, чым калі б я прагуляўся па лясной паляне.

— Калі так, атаман, — сказаў Мач, — вазьмі з сабою хоць бы тузін добрых хлапцоў са зброяй. Калі што здарыцца, яны дапамогуць табе.

— He, — запярэчыў Робін Гуд, — столькі людзей можа выклікаць падазрэнне ў брамнікаў. А на аднаго ці двух чалавек яны не звернуць увагі. Са мной пойдзе толькі Маленькі Джон, панясе мой лук.

I Робін Гуд са сваім памочнікам пайшлі ў Нотынгем. Па дарозе між імі ўсчалася спрэчка, якая перайшла ў сварку. Робін Гуд так ускіпеў, што даў Маленькаму Джону аплявуху.

Волат не сцярпеў абразы і выняў з ножан меч.