Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 83

Джон Фінемар

— Хай беражэ вас бог, добры Робін Гуд, і ўвесь ваш хаўрус! — прывітаўся сэр Рычард, пад’ехаўшы бліжэй.

— З добрым прыбыццём, высакародны рыцар! — адказаў Робін Гуд. — Сардэчна запрашаю ў нашу зялёную пушчу. Як вы ўладзілі справы з манастыром Святой Марыі?

— О, яго настаяцель хацеў захапіць маю зямлю, — сказаў рыцар. — Дзякуючы вам, добры атаман, я выкупіў яе і вось прыехаў сёння, як абяцаў.

— А я падумаў, што сёння вас не ўбачу. Сонца ўжо амаль садзіцца.

— Даруй мне за спазненне. Я затрымаўся ў дарозе. Еду, бачу: спаборніцтва па барацьбе. На пераможца, на нейкага беднага ёмена, напалі несумленныя людзі. Вось я і застаўся, каб памагчы яму. Мне здаецца, гэта быў твой чалавек.

— Ага, сэр рыцар, гэта быў я і шчыра вам дзякую за дапамогу! — усклікнуў Маленькі Джон і выйшаў наперад. — Каб вы не заступіліся за мяне, патрабуючы справядлівасці, подлыя шэрыфавы леснікі расправіліся б са мной. Але я не пазнаў вас. Дзіўная з вамі зрабілася перамена.

— I я дзякую вам, сэр Рычард, — далучыўся да Маленькага Джона Робін Гуд. — Той, хто дапамагае каму-небудзь з нашых людзей, дапамагае і мне, а Маленькі Джон — мая правая рука. He ведаю, што б я рабіў без яго.

— Я рады, што быў вам карысны, — сказаў рыцар. — А ў гэтым мяху, добры Робін, чатыры сотні фунтаў. Няхай пералічаць і правераць, ці ўсе яны там. I вось вам маленькі падарунак за вялікую мне паслугу — яшчэ дваццаць залатых.

— Схавайце свае грошы, сэр рыцар, — засмяяўся Робін Гуд. — Доўг мне ўжо вярнулі.

— Вярнулі мой доўг? — здзівіўся сэр Рычард. — Што вы хочаце сказаць, добры Робін Гуд? У мяне ніколі не было прыяцеля, які б заплаціў за мяне такія вялікія грошы.

— Святой дзевай клянуся, такі прыяцель у вас знайшоўся, — рагатнуў Робін Гуд, — і вы здзівіцеся, пачуўшы яго імя, бо гэта не хто іншы, як сам настаяцель манастыра Святой Марыі.

— He можа быць! — рашуча прамовіў сэр Рычард. — Ніколі не паверу. Што вы! Хіба можна сабе ўявіць, каб тоўсты і сквапны стары шэльма абат па сваёй волі заплаціў мой доўг?

Робін Гуд зноў засмяяўся:

— Я не сказаў, што ён заплаціў па сваёй волі, сэр Рычард. Але ўсе грошы былі атрыманы з яго казны. Я поўнасцю разлічыўся з яго галоўным келарам, адпусціўшы гэтага манаха з мірам.

Сэр Рычард пачаў ужо здагадвацца, што здарылася. А калі пачуў пра цуд, які ператварыў дваццаць сярэбраных манет чорнага манаха ў восемсот залатых, ён весела зарагатаў.

— I ўсё ж, добры ёмен, — сказаў ён, — я прашу, каб вы ўзялі тое, што я вам вінен.

— Я не вазьму ў вас нават сярэбранага пені,— заявіў Робін Гуд. — Свае грошы я ўжо атрымаў, і ад таго, ад каго трэба. Лепш скажыце, сэр рыцар, навошта вам такі вялікі запас добрых лукаў і стрэл з прыгожым апярэннем? — Ён спытаў гэта, толькі каб загаварыць пра што-небудзь іншае.

Сэр Рычард растлумачыў:

— Разумееце, Робін, гэта мой вам сціплы падарунак.

Робін Гуд горача падзякаваў яму. Лукі і стрэлы ў прыгожых калчанах аддалі стралкам, якія прыйшлі ад іх у захапленне, бо зброю зрабілі самыя ўмелыя майстры і яна была сапраўды цудоўная.