Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 86

Джон Фінемар

Усё яшчэ не верачы, што Робін Гуд прабраўся ў горад, шэрыф, аднак, схапіў сярэбраны свісток, які вісеў у яго на поясе, і свіснуў. Адразу ўвайшоў слуга.

— Перадай Дзікану і Хэлу, каб яны зараз жа сабралі трыццаць леснікоў і былі гатовыя ісці са мной, — загадаў шэрыф і пачаў паспешліва адзявацца. Пакуль ён нацягваў скураную рубашку са сталёвымі латамі, падпяразваў меч, надзяваў на галаву сталёвы шлем, леснікі выстраіліся ўжо на двары. Шэрыф павёў іх да царквы.

Паяўленне ўзброенага атрада ў божым храме выклікала пярэпалах і замяшанне. Шэрыф крыкнуў:

— He бойцеся, добрыя прыхаджане, вам нічога не пагражае. Я прыйшоў арыштаваць небяспечнага злачынца, які пранік у наш горад.

— Вунь ён! — закрычаў келар. — Чалавек, што стаіць на каленях каля вялікай калоны, — Робін Гуд!

Ніхто так не здзівіўся, як сам Робін Гуд, калі ў царкве прагучала яго імя. Відаць, яго высачылі раней, бо цяпер капюшон быў зноў нізка апушчаны і закрываў увесь яго твар.

Калі людзі пачулі, што сярод іх славуты разбойнік, узняліся шум і сумятня. Некаторыя стоўпіліся вакол Робін Гуда, іншыя пачалі прабівацца да дзвярэй, але леснікі перагарадзілі ім дарогу.

Робін Гуд зразумеў, што адзіная магчымасць выратавацца — рашуча атакаваць ворага і прабіцца да выхада. Са шчымлівай тугой ён падумаў: «Эх, каб побач са мной быў Маленькі Джон! Ды якраз сёння яго са мной няма…» Ён выхапіў меч і, як раз’юшаны леў, рынуўся на леснікоў.

Амаль два дзесяткі мячоў заблішчалі ў іх у руках. Але леснікі толькі заміналі адзін аднаму, штурхаліся, іх выпады былі занадта паспешлівыя, мячы са звонам сутыкаліся і не траплялі па цэлі. Шырокі ж клінок Робін Гуда мільгаў у паветры і паражаў ворагаў аднаго за другім.

— He забіваць яго! — крычаў шэрыф. — Збіць з ног і ўзяць жыўцом. Такі загад караля!

Робін Гуд пазнаў голас шэрыфа, імгненна павярнуўся і, высока занёсшы меч, кінуўся на свайго заклятага ворага. Шэрыф адхіснуўся і падставіў пад меч свой шчыт. Сталь са звонам ударылася аб сталь. Шчыт вылецеў з рукі шэрыфа. Меч з сілай апусціўся на шлем, і шэрыф упаў на падлогу. Каб на ім у той час не быў шлем з асобай гартаванай сталі, зроблены выдатным майстрам, ён развітаўся б з жыццём. Удар быў такі моцны, што шлем са звычайнай сталі раскалоўся б, быццам зроблены з паперы. Шлем шэрыфа вытрымаў удар. Меч Робін Гуда пераламаўся.

— Які каваль, такі і меч, — у роспачы прамовіў Робін Гуд. — Цяпер я бяззбройны сярод ворагаў.— Ён адкінуў убок абломак, падскочыў да чалавека, які трымаў у руках дубіну, але не паспеў вырваць яе, як леснікі накінуліся на яго ззаду, збілі з ног. На Робін Гуда адразу навалілася больш дзесятка ворагаў і прыціснула да падлогі. I толькі калі яму скавалі рукі і ногі, леснікі адышлі ад яго.

Шэрыф падняўся ўжо на ногі. Хоць галава ў яго моцна кружылася пасля ўдару Робін Гуда, ён ледзь не ашалеў ад радасці, калі ўбачыў разбойніка ў путах.