Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 87
Джон Фінемар
— Адвядзіце яго і кіньце ў самую глыбокую цямніцу! — загадаў ён.
Робін Гуда павялі і зачынілі ў вузкай камеры, у якую скрозь густыя краты маленькага акенца толькі ў самы поўдзень пранікала кволае святло. Сцены былі сем футаў таўшчынёю, дзверы запіраліся на завалу з трыма вісячымі замкамі.
— Хай паспрабуе ўцячы адтуль! — пераможна сказаў шэрыф. — Гэтага магутнага ліхадзея я пасадзіў за яшчэ больш моцныя сцены. Волі ён ужо не ўбачыць!
— Навошта мець лішні клопат? — сказаў келар, якому карцела хутчэй убачыць свайго ворага на шыбеніцы. — Чаму не павесіць адразу? Колькі разоў я чуў, як вы гразіліся, што накінеце яму на шыю пятлю, як толькі схопіце яго.
— I зрабіў бы так, каб гэта залежала толькі ад мяне, — злосна буркнуў шэрыф. — А яшчэ лепш, загадаў бы закалоць яго на месцы. Так і хацеў, але не пасмеў.
— Чаму ж не пасмелі? — не зразумеў манах. — Хто можа перашкодзіць шэрыфу?
— Той, хто стаіць над намі ўсімі,— амаль шэптам адказаў шэрыф. — Кароль! Я атрымаў загад караля прывезці Робін Гуда да яго, як толькі злаўлю. Кароль столькі начуўся пра гэтага дзёрзкага разбойніка, што хоча паглядзець на яго і пагаварыць.
Манах нейкі час маўчаў, зморшчыўшы лоб у глыбокім роздуме. Нарэшце сказаў:
— Пан шэрыф, злачынца высачыў і перадаў у вашы рукі не хто іншы, як я. Так?
— Так, вы, — пацвердзіў шэрыф.
— У такім разе я патрабую права самому паведаміць каралю пра яго арышт.
— Во, во, — зарагатаў шэрыф. — Спадзеяцеся атрымаць ад яго вялікасці цёпленькае месца ў царкве?
— Калі за тое, што я зрабіў, належыць узнагарода, дык зусім лагічна, што яе павінен атрымаць я, — рашуча прамовіў келар.
— Я не пярэчу, — адказаў шэрыф, — і ад усёй душы жадаю вам атрымаць якое-небудзь багатае абацтва. Вы зрабілі мне вялікую паслугу, і я сёння ж пасля абеду напішу каралю і раскажу пра ваш подзвіг.
— А я павязу пісьмо ў Лондан заўтра на світанні,— сказаў манах і пайшоў рыхтавацца да падарожжа.
Цэлы дзень Нотынгем гуў, як разварушаны пчальнік. Людзі збіраліся на вуліцах, перадавалі адно аднаму вестку пра арышт Робін Гуда. Вакол кожнага з тых, хто быў той раніцай у царкве Святой Марыі, збіраўся натоўп гараджан, якія з цікавасцю і хваляваннем слухалі расказ пра тое, як адважна біўся са стражнікамі славуты атаман разбойнікаў.
Але за сцены горада не выйшла ні слова пра тое, што тут адбылося. Шэрыф падвоіў варту каля варот і строга загадаў нікога не прапускаць ні з горада, ні ў горад, пакуль не стане вядома, як вырашыў лёс Робін Гуда кароль.
— Калі з Нотынгема ніхто не выйдзе, — гаварыў шэрыф, — Робін Гуд не зможа ўцячы ад нас. А калі ніхто не ўвойдзе, яго разбойнікам не ўдасца прабрацца ў горад, каб вызваліць свайго атамана.
Нотынгем нагадваў абложаны ворагам горад. Усе вароты і ўдзень і ўночы былі зачыненыя на завалы і замкі.
I ўсё ж сумная вестка дайшла да зялёных стралкоў Робін Гуда. Яе прынёс у Шэрвудскі лес шавец Лоб.
Ён адзін з першых пачуў пра арышт Робін Гуда. Як толькі начная цемра ахутала горад, ён падняўся на дах свайго дома, што стаяў каля самай гарадской сцяны. Выбрацца з горада яму памагалі два яго верныя сябры, адданыя прыхільнікі Робін Гуда. На вяроўцы яны спусцілі шаўца са сцяны. Як толькі ён крануўся нагамі зямлі, памочнікі пацягнулі вяроўку назад, а Лоб паспяшаўся ў лес.