Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 82

Джон Фінемар

— Я? — здзівіўся келар. — Ніякіх грошай я не прывёз. Каму вы пазычылі іх?

— Аднаму збяднеламу рыцару.

— Ну дык няхай ён і вяртае доўг.

— Разумееце, — спакойна сказаў Робін Гуд, — я падумаў, што гэта абат вырашыў вярнуць мне грошы. Мне здалося, што ў вашай паклажы іх нямала, — Робін Гуд павёў галавой у той бок, дзе ляжаў груз, зняты з коней.

— Там наогул грошай няма! — паспешліва крыкнуў келар. — Толькі адзежа ды сёе-тое з рэчаў.

— Зусім няма грошай? — на твары Робін Гуда адбілася здзіўленне. — I вы нічога не прыхапілі на дарожныя выдаткі?

— Ах, так, так, вы мне нагадалі,— спахапіўся манах. — Так, крыху ёсць. Дваццаць манет серабром. Паклажу развязваць не варта, ласкавы ёмен. Нічога каштоўнага там няма.

— I ўсё ж трэба распакаваць, — задумліва прамовіў Робін Гуд. — А раптам сама святая Марыя пажадала вярнуць грошы, якія ўзяў у нас бедны рыцар, і ператварыла вашы дваццаць манет серабра ў золата. Распакуй паклажу, Маленькі Джон.

Волат разаслаў на зямлі свой вялікі плашч, узяў адзін з куфэркаў, з цяжкасцю адчыніў і перакуліў яго. На плашч зіхатлівым вадаспадам пасыпаліся залатыя манеты.

— Цуд! — усклікнуў Робін Гуд. — О святая Марыя! Хіба я не казаў, што, магчыма, яна ператворыць серабро ў золата?

Маленькі Джон зламаў замок другога куфэрка, і на бліскучую груду манет са звонам паліўся яшчэ адзін залаты паток.

— Цуд! Цуд! — у адзін голас закрычалі разбойнікі і зайшліся ад рогату. Ім вельмі спадабаўся жарт атамана.

Келар, чорны як ноч, моўчкі пазіраў на высыпаны на плашч скарб.

— Палічы, колькі тут, Маленькі Джон, — загадаў Робін Гуд.

Грошай аказалася больш за восемсот фунтаў.

— Аддай манаху яго дваццаць манет, — зноў загадаў Робін Гуд свайму памочніку, і калі той адлічыў названую суму, сказаў келару: — Вось, калі ласка, манах, бяры. Мы не ўзялі з манастырскай казны ніводнага пені. Ты сам сказаў, што ў куфэрках было толькі дваццаць манет. Значыць, святая Марыя зрабіла цуд і прыслала нам цэлых восемсот фунтаў. Яна пажадала аддаць нам у два разы большы, чым узяў у нас рыцар, каб расплаціцца з настаяцелем яе манастыра.

— Шэльмы! Зладзеі! — разгневаўся келар. — Вярніце казну майго абата, а не, дык ён пракляне вас самымі страшнымі праклёнамі і нашле на вас пякельныя пакуты на гэтым і на тым свеце!

— А божухна! — усклікнуў Робін Гуд. — Вось як загаварыў пан галоўны келар! Пра казну ўспомніў, пагражае праклёнамі свайго абата! А мне не страшна. Я ні ў грош не стаўлю праклёны гэтага жорсткага і сквапнага папа, які гатовы адабраць ад удавы апошні шэлег, каб набіць свае куфры. Няўжо ты думаеш, манах, што я хоць крышачку баюся яго праклёнаў? Аддай, Маленькі Джон, келару яго верхавога каня, і няхай ён выбіраецца адсюль. Коні і паклажа застануцца ў нас.

Дружнымі воклічамі адабрэння сустрэлі разбойнікі рашэнне атамана. Келар, падумаўшы, таксама абрадаваўся, што яго адпускаюць цэлым і здаровым. Ён хуценька ўскарабкаўся на каня і паехаў разам са сваімі спадарожнікамі, якіх таксама адпусцілі.

Толькі манахі зніклі за лесам, як паказаўся сэр Рычард Лі. На дарогу ў яго пайшло значна больш часу, чым у Маленькага Джона. Той ляцеў галопам, а сэр Рычард ехаў павольна, бо шмат хто з яго людзей ішоў пеша.