Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 68

Джон Фінемар

Неяк ранкам Робін Гуд прачнуўся са шчымлівым болем у сэрцы. Гэтае зацішша гняло яго, яму хацелася дзейнасці і прыгод. Ён надумаў схадзіць у Нотынгем і паглядзець, што робіцца ў горадзе. Маленькаму Джону пра свой намер Робін Гуд нічога не сказаў, бо ведаў, што верны паплечнік пачне адгаворваць яго не соваць нос у самае гняздо ворагаў. Тайком ад усіх выбраўся з лагера і пайшоў у Нотынгем.

Каб яго не пазналі, Робін Гуд замест зялёнага плашча і курткі надзеў рудую даматканую світку. Цяпер яго можна было прыняць за вясковага гаспадара або дробнага гандляра.

За дзве ці тры мілі ад горада, на скрыжаванні дарог, Робін Гуд убачыў мясніка, які ішоў на рынак, везучы на кані кашы з ялавічынай.

— Добрай раніцы, шаноўны! — павітаўся Робін Гуд. — Адкуль вы ідзяце і куды?

— Іду я ў Нотынгем прадаваць ялавічыну, — адказаў гандляр. — Я — мяснік.

— Праўда? — усклікнуў Робін Гуд, якому прыйшла ў галаву добрая думка. — Трэба ж такому здарыцца! Я мару стаць мясніком! Можа, прадасце…

— Што прадаць? — не зразумеў мяснік.

— Кабылу, кашы і тое, што ў кашах, — адказаў Робін Гуд. — Ну, кажыце, колькі вам заплаціць?

— Вазьму я няшмат, — мяснік адказаў,— I разам усё забірай. За кабылу й тавар, малады гаспадар, Чатыры мне маркі ты дай.

— Я з вамі зараз і расплачуся, — сказаў Робін Гуд, выняў з кішэні кашалёк, адну за адной адлічыў на далонь мясніка манеты. Мяснік пайшоў дадому, а Робін Гуд пагнаў кабылу з таварам у Нотынгем.

«Цяпер, — разважаў Робін Гуд, — трэба ўвайсці ў горад з незалежным выглядам. Хто будзе прыглядацца да гандляра, які ідзе на рынак?»

Ён спакойна павёў кабылу праз вароты, і ніхто яго не спыніў. На рынку знайшоў прылавак, за якім звычайна гандляваў чалавек, у якога ён купіў тавар, і разлажыў на ім мяса. Неўзабаве на рынку сабралася шмат пакупнікоў, і мяснікі пачалі зазываць:

— Падыходзьце, сюды, сюды! Купляйце, не пашкадуеце! Свежае мяса найлепшага гатунку, падыходзьце, бярыце, бярыце! Дзякуй скажаце. Бярыце, купляйце!

Калі мяснікі зазываць пачалі, I Робін свой гандаль адкрыў. Ды як таргаваць, за што колькі браць, He ведаў — ніхто не вучыў.

Робін Гуд пачуў, як расхвальваюць свой тавар яго суседзі па мясным радзе, і таксама пачаў зазываць пакупнікоў. Па сваёй недасведчанасці, ён прадаваў ім за адно пені столькі мяса, колькі іншыя мяснікі давалі за тры. Неўзабаве чуткі пра яго разнесліся па ўсім рынку, і каля яго прылаўка сабраўся натоўп.

Гандляры пачалі чухаць патыліцу і пераглядвацца.

— Хто ён, гэты новы гандляр мясам? — пыталіся яны адзін у аднаго. — Ён нас разорыць. Гэтак мы застанемся без пакупнікоў.

Некаторыя з іх збавілі цану, але дарэмна: ахвотнікаў купіць мяса ў Робін Гуда не меншала.

— Марнатравец нейкі,— сказаў адзін мяснік. — Прадаў бацькаў надзел і пускае грошы на вецер.