Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 69

Джон Фінемар

— Ага, — сказаў другі.— Або крадзе кароў і таму прадае за бясцэнак.

— Няйначай, — сказаў трэці.— А можа, ён пераадзеты дваранін? Пабіўся з кімсьці аб заклад, што першы прадасць свой тавар?

— Давайце пазнаёмімся з ім, — сказаў чацвёрты. — Я пайду і запрашу яго на наш сённяшні банкет.

Мяснік падышоў да Робін Гуда, які якраз аддаваў пакупніку апошні кавалак мяса, і сказаў:

— Слухай, браце, мы ўсе людзі аднаго занятку і павінны лепш ведаць адзін аднаго. Сёння ў нас, мяснікоў, банкет. Пойдзеш з намі?

— Ганебная справа, — сказаў Робін Гуд, — Банкет прапускаць мяснікоў. Ваш гурт мне святы, мае вы браты, I з вамі ісці я гатоў.

— Вось і добра, — сказаў мяснік. — Банкет мае адбыцца ў доме шэрыфа. Усе разам туды і пойдзем.

Як толькі быў прададзены ўвесь тавар, мяснікі гуртам рушылі ў асабняк шэрыфа. У банкетнай зале Робін Гуд убачыў за багата ўстаўленым сталом шэрыфа і непрыкметна ўсміхнуўся.

«Калі б гэты скупянда ведаў, хто прыйшоў частавацца яго далікатэсамі, што б тут пачалося!» — падумаў ён.

Усе паселі за доўгі стол. Робін Гуд, як самы малады з прысутных, прачытаў малітву, а потым запрасіў мяснікоў піць і есці, колькі душа пажадае, за яго кошт.

— Піце і ешце, — сказаў Робін Гуд,— Весяліце сябе і другіх. А пайсці захачу, за ўсё заплачу, Хоць на пяць набяжыць залатых.

— Гэта нейкі вар’ят, — прашаптаў адзін мяснік на вуха шэрыфу і расказаў, як танна гэты гандляр прадаваў мяса на рынку.

— Бязмозгі баран, — вырашыў шэрыф. — Відаць, прадаў маёнтак і спяшаецца хутчэй вызваліцца ад грошай.

— Во, і мы гэтак падумалі,— зноў прашаптаў мяснік.

Да канца банкету шэрыф ужо еў і піў мала, сядзеў у глыбокім роздуме і раз-пораз кідаў на маладога мясніка хітрыя позіркі.

«Гэты легкадумны шалапут раскідвае грошы абедзвюма рукамі,— думаў шэрыф. — Чаму б і мне не ўзяць сабе крыху? — Ён цяжка ўздыхнуў, прыгадаўшы сваю пустую скарбніцу, якая так і прасілася, каб яе зноў напоўнілі.— Можа, мне і няшмат перападзе з яго багацця, — разважаў шэрыф, — ды я рады буду хоць якой здабычы, бо мяне да ніткі абабраў гэты шэльма Робін Гуд са сваімі зладзеямі».

Калі скончыўся банкет, шэрыф падсеў да маладога мясніка.

— Мне расказалі пра камедыю, якую вы сёння раніцай разыгралі на рынку, — сказаў шэрыф, і яго суровы твар зморшчыўся ва ўсмешцы, якая павінна была сведчыць, што і ён любіць дасціпныя жарты. — Танным продажам мяса вы ледзь не давялі да торбы нашых мяснікоў.

— Які з мяне мяснік-прадавец?! — засмяяўся Робін Гуд. — Ведаеце, я навічок у гандлі і кепска яшчэ разбіраюся ў цэнах.

— А ў вас ёсць жывёла? — нібы між іншым спытаў шэрыф.

— Сотні галоў,— адказаў Робін Гуд. — I пасвяцца яны на тысячах акраў добрай вольнай зямлі.

— Ого! Даволі прыстойная маёмасць, — зазначыў шэрыф.

— Нічога сабе, — бесклапотна адказаў Робін Гуд. — Толькі я з радасцю абмяняў бы яе на наяўныя грошы.

«Вось адкуль такая нізкая цана. Яму так і карціць хутчэй займець грошы на свае ўцехі. Праваліцца мне на гэтым самым месцы, калі я не выкарыстаю гэты зручны момант», — падумаў шэрыф, а ўслых сказаў: