Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 66

Джон Фінемар

Маленькі Джон, які стаяў на ўскрайку лесу, убачыў, як нейкая дзіўная жаночая істота ў лахманах выскачыла з-за дрэў і імчыцца па паляне ў яго бок. Ён ледзь не аслупянеў ад здзіўлення і падумаў, што без вядзьмарства і нячыстай сілы тут не абышлося.

— Што за старая, — выгукнуў Джон,— Імчыцца, як дух, па траве? Фу, згінь, сатана! Вядзьмарка яна, Я зараз падстрэлю яе. — Чакай, не спяшайся, — крычаў Робін Гуд, — Стралу не спускай з цецівы. Я твой атаман, адзежа — падман, Праз яе я застаўся жывы.

— Гэта ты, Робін Гуд? — здзіўлена ўсклікнуў Маленькі Джон, не паверыўшы сваім вачам. — Чаму ты ў жаночым адзенні?

— Я ледзь не трапіў у лапы біскупа, — і Робін Гуд расказаў Маленькаму Джону, у які пераплёт ён трапіў.

— Вось паганы поп! — абурыўся Маленькі Джон. — Трэба правучыць гэтага біскупа, каб ён і дзесятаму заказаў ганяцца за намі ў нашых слаўных зялёных лясах.

— I я так думаю, — пагадзіўся атаман разбойнікаў.— Ану, затрубі ў свой рог, Маленькі Джон, склікай сюды нашых малайцоў.

Маленькі Джон пратрубіў сігнал. З лесу пачалі выбягаць зялёныя стралкі, і неўзабаве перад Робін Гудам выстраілася іх цэлая сотня, гатовая па першаму слову свайго камандзіра выканаць любы загад. Разбойнікі не адразу зразумелі, хто перад імі стаіць. Яны здзіўлена разглядалі старую жанчыну ў бедным вясковым адзенні, пакуль не пазналі свайго атамана. Калі Робін Гуд расказаў ім, у якую небяспечную пастку ён трапіў і як спрытна выслізнуў з біскупавых рук, яны доўга смяяліся.

Але нам пара ўжо вярнуцца ў дубовы лясок і паглядзець, што здарылася, калі біскуп з салдатамі прыскакаў да хаціны старой удавы.

— Выбіць дзверы! — загадаў біскуп.

Дзверы сарвалі з завесаў, і ў хаціну ўварваўся салдат.

— Тут ён! — пачуўся яго радасны крык. — Вось ён! Я пазнаў яго! Гэта той самы чалавек у зялёным плашчы з капюшонам, які толькі што ўцёк ад нас.

— Вывалачы яго сюды! — зароў біскуп.

Трое салдат пабеглі ў хаціну і накінуліся на чалавека ў ярка-зялёным плашчы з насунутым на галаву капюшонам, які зашыўся ў цёмны кут. Яго схапілі і пацягнулі з хаціны.

— Пасадзіце яго вунь на таго белага каня і не зводзьце з нягодніка вачэй! — загадаў біскуп. — А цяпер хутчэй назад у горад. Там мы пасадзім яго ў цямніцу. Мне не будзе спакою, пакуль за ім не замкнуцца дзверы турмы. А заўтра ён загайдаецца на шыбеніцы.

Старая ўдава за ўвесь гэты час ніводнага слова не прамовіла, і ўсе падумалі, што Робін Гуд знямеў ад страху. Ніхто не зазірнуў пад капюшон, які прыкрываў твар разбойніка: усім хацелася найхутчэй выбрацца з цёмнага лесу. Біскуп надзьмуўся, як індык, ад гордасці, што яго хітры план здзейсніўся.

Старую павезлі на белым кані, Сам біскуп сядзеў на сівым. Ад шчасця аж ззяў: Робін Гуда узяў I скончыў з разбоем лясным.