Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 70

Джон Фінемар

— Чаму ж вы яшчэ не прадалі сваю маёмасць?

— He знайшоў пакупнікоў,— адказаў малады мяснік, пазяхаючы і пацягваючыся, — хоць і прашу не надта многа. Ды, відаць, ні ў кога няма свабодных грошай.

— Святая праўда, — пацвердзіў шэрыф. — Час цяпер цяжкі, і грошай у людзей малавата. Ну, калі ў вас няма пакупнікоў, я сам мог бы купіць.

— I колькі вы дасце за ўсё?

Шэрыф назваў суму ў дзесяць разоў меншую за вартасць маёмасці, апісанай мясніком, але той адразу згадзіўся. Яны ўдарылі па руках, і шэрыф у думках засмяяўся ад радасці, што гэтак абдурыў шалапута.

— Да вечара яшчэ далёка, — сказаў яму малады мяснік. — Можа, паедзем, і я пакажу вам сваю рагатую жывёлу і зямлю. Усяго і дарогі якая гадзіна.

— Што ж, я згодны, — ажывіўся шэрыф. — Вазьму з сабой грошы і адразу, на месцы, расплачуся з вамі і стану ўладаром маёмасці.

— Добра, — сказаў мяснік. — Нядоўга таргавацца — надоўга пабратацца. А я ўрачыста прысягаю, што перадам вам усю жывёлу і зямлю з такой жа шчодрасцю і шчырасцю, як бацька мой перадаў іх мне. — Робін Гуд сам сабе ўсміхнуўся, а шэрыф паспешліва выйшаў, каб узяць грошы і загадаць слугам асядлаць каня.

Неўзабаве яны рушылі ў дарогу: Робін Гуд на кабыле, якую раніцай купіў у мясніка, а шэрыф на сваім верхавым кані. Дарога, па якой яны ехалі, цягнулася ўздоўж Шэрвудскага лесу, і хутка коннікі апынуліся сярод гаёў і хмызоў.

— Лепш было б, каб ваш маёнтак быў дзе-небудзь у іншым баку, — занепакоіўся шэрыф. — Я не вельмі люблю гэты лес. He дай бог, пан мяснік, сустрэцца тут з гэтым разбойнікам Робін Гудам.

— Гэ! — пагардліва выгукнуў малады мяснік. — Што мне Робін Гуд? Падумаеш, ёсць каго баяцца! Едзем далей. Зусім ужо блізка, з хвіліны на хвіліну пакажацца статак.

За паваротам мяснік прытрымаў сваю кабылу і ўзяў за повад шэрыфавага каня.

— Стойце, пан шэрыф, спыніце каня, — сказаў ён. — Вунь, зірніце, мой статак пасецца. Ну, што скажаце? Праўда ж, сыты і прыгожы?

Шэрыф зірнуў у той бок, куды паказваў мяснік, і ахнуў ад здзіўлення, якое перайшло ў пачуццё трывогі. Вялікі статак каралеўскіх аленяў мо ў сотню галоў мірна пасвіўся на лясной паляне.

— Што за жарты, малады чалавек? — зазлаваў шэрыф. — Мы паехалі агледзець свойскую жывёлу, а не дзікую.

— He, пан шэрыф, я так не гаварыў,— засмяяўся Робін Гуд. — Я абяцаў вам паказаць рагатую жывёлу, і вось яна тут, перад вамі. Вунь якія рагачы!

Трывога шэрыфа нарастала.

— Паслухай, прыяцель, — сказаў ён, — я вяртаюся ў горад. Мне не падабаецца твая кампанія.

— З чаго гэта раптам? Навошта спяшацца? Вось маёмасць, якую вы хацелі купіць. Я перадам яе вам пры сведках.

I тут Робін Гуд узяў свой ражок, Даў тройчы умоўны сігнал, I з хмызнякоў з сотняй стралкоў Выскачыў Джон на прагал.

З лесу выбег атрад лясных стралкоў. Шэрыф спалохана ўскрыкнуў, калі яны акружылі яго, і зразумеў, што пастка зачынілася і ратавацца ўцёкамі позна. Ён павярнуўся да мясніка:

— Цяпер я ведаю, хто ты. Ты — Робін Гуд!

— Ага, я Робін Гуд, — усміхнуўся Робін Гуд. — А гэта мае слаўныя хлопцы, якіх вы, здаецца, так не любіце. I ўсё ж, торг трэба завяршыць. Грошы, як кажуць, на стол.