Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 67

Джон Фінемар

Санавіты царкоўнік не пераставаў радавацца, аж пакуль уся кавалькада не выехала з дубровы. Тут яго твар раптам выцягнуўся, ніжняя сківіца адвісла. Ён убачыў перад сабой амаль сотню стралкоў з нацэленымі на яго атрад лукамі. Біскуп зразумеў, што гэта лясныя разбойнікі, a кожны з іх, ён ведаў, варты чатырох яго лучнікаў.

— Лясныя стралкі! — нарэшце вярнулася мова да біскупа. — I, зірніце, хто ў іх за камандзіра! Прысягаю сваім санам, гэта тая самая карга, што стрэлася нам у лесе. Хто ж яна такая?

— Ды, мусіць, гэта не яна, а ён — той, каго людзі завуць Робін Гуд, — загаварыла раптам істота на белым кані.

— Робін Гуд?! — здзівіўся біскуп. — А ты ў такім разе хто?

— Хі-хі! Ха-ха! — залілася смехам істота ў зялёным і адкінула на плечы капюшон.

Біскуп убачыў стары высахлы твар, бяззубыя дзясны.

— Сам паглядзі, хто я, пане біскуп! — пісклява заверашчала старая. — Які ты мудры біскуп! Схапіў і павёз з сабой нейкую старую замест караля Шэрвудскага лесу Робін Гуда! — яна зноў захіхікала і запляскала ў далоні.

— Гора мне! Лепш не дажыў бы я да гэтага дня! — залямантаваў біскуп, бо зразумеў, што трапіў у пастку.

I тут на яго войска са свістам пасыпаліся стрэлы. Усе: і наёмнікі, і світа — пусціліся наўцёкі.

Біскуп імгненна павярнуў свайго каня і, шалёна прышпорваючы, памчаўся ў горад, але спаборнічаць у хуткасці і спрыце з разбойнікамі Робін Гуда яму было не пад сілу. Мач і Уіл Ст’ютлі, як зайцы, памчаліся за ім і схапілі яго каня за цуглі. Тут падаспеў і пераапрануты Робін Гуд, прывязаў сівога да дрэва і загадаў біскупу спешыцца.

— Што, ваша светласць, — засмяяўся ён, — вы зноў надумаліся наведаць нас у зялёных лясах? На жаль, сёння мы не можам запрасіць вас на абед, бо не маем часу прыгатаваць яго. Трэба было загадзя папярэдзіць.

— Але ў нас хопіць часу праверыць, што ў вас у торбе, — умяшаўся Маленькі Джон. Ён пакорпаўся ў торбе на біскупавым кані і дастаў адтуль грошы, якія царкоўнік вёз з сабой, каб расплаціцца з камандзірам наёмнікаў, калі яго салдаты схопяць атамана разбойнай шайкі.

— Пяцьдзесят сярэбраных пенсаў дай гэтай бабулі,— загадаў Робін Гуд свайму памочніку, — бо сёння яна выратавала мне жыццё.

Маленькі Джон адлічыў і перадаў старой удаве названую Робін Гудам суму грошай.

Біскуп са змрочным тварам назіраў, як разбойнікі распараджаюцца яго грашамі, і толькі тросся ад бяссілля. Ён вельмі ўзрадаваўся, калі пачуў словы Робін Гуда:

— А цяпер адпусціце яго.

— Пан біскуп, — са смехам сказаў Маленькі Джон, — вы панесяце кару за сённяшняе паляванне. Вы паедзеце ў Нотынгем з ганьбай, як бяздомны бадзяга, — тварам да конскага хваста.

Біскупа пасадзілі на каня, і пародзісты скакун прыпусціў лёгкім галопам па дарозе. I гэтак, седзячы задам наперад, ён з ганьбай вярнуўся ў горад без грошай і без палоннага.

Раздзел семнаццаты

Робін Гуд становіцца мясніком

Пасля таго як біскупа Герфардскага з ганьбай адпусцілі ў Нотынгем, лясную вольніцу ў Шэрвудскім лесе ніхто не трывожыў. Удзень людзі палявалі, вечарамі сядзелі вакол яркага вогнішча, рабілі лукі, апярэнне да стрэл, начамі спакойна спалі, захутаўшыся ў зялёныя плашчы. Вартавыя пільна ахоўвалі свой прытулак ад ворагаў.