Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 65
Джон Фінемар
— Акружыце лес! — на ўсё горла крычаў біскуп.— Лясок невялікі. Мы абложым яго з усіх бакоў. Нягоднік не выслізне з нашых рук!
Загад біскупа быў выкананы. Дуброву акружылі кальцом, і Робін Гуд апынуўся ў пастцы. Узброеныя коннікі пачалі прачэсваць лес, але рабілі гэта марудна і апасліва, бо баяліся засады.
Аднак баяліся яны дарэмна. Робін Гуд быў адзін. Таварышы яго знаходзіліся так далёка ад дубровы, што не пачулі б ражка. Робін Гуду заставалася толькі адно: разлічваць на сваю кемнасць і мужнасць. Адважны разбойнік разумеў, што ў такое небяспечнае становішча ён ніколі яшчэ не трапляў. Ён падаўся ў самы гушчар, каб знайсці там нейкае сховішча. Ён ведаў, што сярод дубровы стаіць маленькая хатка з двух пакойчыкаў. У ёй жыла бедная старэнькая ўдава, якая прала і гэтым зарабляла сабе на хлеб. Робін Гуд не раз памагаў старой бабцы чым мог і быў упэўнены, што цяпер і яна выручыць яго. Да таго ж тры яе сыны былі ў дружыне Робін Гуда.
Запыханы, ускочыў ён у хаціну. Старая адарвала вочы ад калаўрота.
— Я Робін Гуд, — сказаў ён. — Біскуп з салдатамі гоніцца за мной па пятах. Калі траплю ім у рукі, мне не паздаровіцца. Біскуп прысягнуў, што павесіць мяне на самым высокім дрэве ў Шэрвудскім лесе.
— He бойся, Робін Гуд, — прамовіла кемлівая старая. — Гэтага не будзе. Мы абдурым біскупа і яго прыслугачоў. Схапіць і павесіць таго, хто не раз выручаў мяне з бяды! He, гэтага ніколі не будзе! Ідзі хутчэй у задні пакой. Там знойдзеш маю старую спадніцу і накідку. Пераапраніся, а сваю адзежу пакінь мне.
— Вось гэта прыдумала! — з захапленнем усклікнуў Робін Гуд. Цяпер мы праверым, ці зоркія ў папа вочы, каб пазнаць Робін Гуда пад жаночым адзеннем.
Як вокам маргнуць Робін Гуд пераапрануўся і завяршыў маскарад, насунуўшы на лоб патрапаны шыракаполы капялюш, які хаваў твар. Ён прыхапіў верацяно і воўну і пашкандыбаў, абапіраючыся на палку, па лясной сцежцы, падобны на старую сялянку, што і ў дарозе, на прывалах, прадзе пражу.
Неўзабаве Робін Гуд пачуў тупат капытоў. Ён яшчэ больш згорбіўся і закульгаў. Раптам хтосьці загадаў:
— Схапіце старую і прывядзіце да мяне! — Робін Гуд пазнаў фанабэрысты голас біскупа Герфардскага.
Адзін з яго прыслужнікаў падскочыў, схапіў старую за руку і пацягнуў да біскупа, які сядзеў на сівым у яблыкі кані. Старая сялянка дрыжала ад страху.
— Адкуль ідзеш, бабка? — спытаў біскуп.
— З дому. Мая хаціна там, у лесе, высакародны лорд, — прагаварыла бабка з-пад абвіслага поля капелюша. Яна не адрывала вачэй ад зямлі, але біскуп палічыў, што так і трэба размаўляць простаму чалавеку з ім, біскупам.
— Ты сёння нікога чужога не бачыла ў лесе?
— Нікога, апрача чалавека ў зялёным плашчы, які толькі што зайшоў у маю хаціну.
— Ага! — закрычаў біскуп. — Чалавек у зялёным, кажаш?
— Так, пане, — прашамкала старая. — У яго быў з сабой лук і калчан са стрэламі, а на галаве зялёны капюшон. Ён папрасіўся крыху адпачыць.
— Наперад! Наперад! — зароў санавіты царкоўнік. — Ён у нашых руках! Ён у нашых руках! Хутчэй да хаціны, вывалачыце яго адтуль.
Біскуп прышпорыў свайго сівога ў яблыкі каня і разам са світай і наёмнікамі паскакаў да лясной хаціны, а старэнькая згорбленая бабуля пашкандыбала далей, пастукваючы палкай. Але, як толькі мінула хмызняк, яна кінула палку, выпрасталася і, нібы велічны алень, лёгка і імкліва пабегла да вялікага лесу, дзе ва ўмоўленым месцы затаіліся Маленькі Джон і атрад лясных стралкоў.