Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 63

Джон Фінемар

— Давай перадыхнём трохі, меднік, — сказаў Робін Гуд. — Я гатовы нават прасіць літасці.

— Літасці захацеў?! — закрычаў меднік. — Перш чым злітавацца, я павешу цябе вось на гэтым суку! Ну падыдзі, падыдзі, нягоднік. Здаецца, я зараз схаплю славутага Робін Гуда. Узнагарода ўжо ў мяне ў кішэні!

Меднік бачыў ужо сто залатых у кішэні і нават некалькі разоў падскочыў ад радасці. Потым азірнуўся, шукаючы, у якім баку Нотынгем.

Улучыўшы момант, калі Слай павярнуўся да яго спінай, Робін Гуд схапіў свой сігнальны ражок і затрубіў.

— Кінь! — закрычаў меднік. — Цяпер позна ўжо трубіць у ражок. Пойдзеш са мной, а калі заўпарцішся, дык я ўгавару цябе вось гэтай дубінай, — і кій Слая прасвісцеў у паветры.

Але тут на сцежку выскачылі Маленькі Джон і Уіл Скарлет. Яны спяшаліся на дапамогу свайму атаману.

Меднік здзіўлена ўтаропіўся на Маленькага Джона. Людзей такога вялікага росту яму яшчэ не даводзілася бачыць.

— Клянуся галавой, — усклікнуў Слай, — я такіх веліканаў у жыцці не бачыў! He думайце, што я ўцякаю. Вы яшчэ мяне не знаеце! — закрычаў ён, падбег да бліжэйшага дрэва і прыхінуўся да яго спінай. Ён пільна сачыў за праціўнікамі, гатовы абараняцца і атакаваць.

Робін Гуд апусціўся на прыдарожны грудок, бо ногі яго не трымалі. Усё цела налілося болем, рукі і пляча ён амаль не адчуваў: дубіна медніка Слая добра пагуляла па ім.

— Што тут было, атаман? — устрывожыўся Маленькі Джон. — Чаму ты такі змрочны і зняможаны?

— Бачыш каля дуба чалавека з дубінаю? Гэта вандроўны меднік. Ён зрабіў з мяне адбіўную, — сказаў Робін Гуд.

— Ах нягоднік! — закрычаў Маленькі Джон. — Дык няхай паспрабуе і з мяне зрабіць тое ж самае! Цяпер мая чарга.

I, узняўшы над галавой дубіну, волат кінуўся да Слая, які храбра чакаў яго нападу. Але палкі іх не паспелі скрыжавацца. Робін Гуд загадаў свайму першаму памочніку спыніцца.

— Я на гэтага чалавека не крыўдую, — сказаў атаман разбойнікаў.— Ён меў усе падставы біцца са мною. Я пазбавіў яго багацця: адняў грамату на маё затрыманне, а ён ускладаў на яе вялікія надзеі. Але раз я разарыў яго адным спосабам, дык узбагачу другім. Скажы, меднік, колькі ты зарабляеш у час сваіх вандровак?

— Пахваліцца няма чым, — адказаў Слай. — Бывае, атрымаеш за дзень адну-дзве манеты і вячэру, а бывае, цалюткі дзень праходзіш — і ні граша не заробіш. Калі надарыцца купіць збанок элю, я лічу, што мне пашанцавала.

— He дужа весела жывеш, — засмяяўся Робін Гуд.

— Сабачае жыццё, — пагадзіўся меднік. — Сабачае.

— Тады памяняй яго на наша і жыві ў слаўным зялёным лесе. Удзень мы палюем на аленяў, а ўвечары шчодра частуемся аленінай і запіваем залацістым элем. Ты адважны чалавек, такіх я люблю. Гайда да нас!