Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 54

Джон Фінемар

У адным месцы дарога звужвалася і ішла паміж двух вялікіх дубоў. Прыяцелі схаваліся за дрэвы. Адзін стаў за адзін дуб, другі — за другі. Хутка яны ўбачылі старца. Ён ішоў сваім звычайным шырокім размашыстым крокам і нешта ціхенька насвістваў, як чалавек, якому ніхто і нічога не пагражае. Калі ён параўняўся з дубамі, Маленькі Джон схапіўся за яго доўгі кій, а Джордж-а-Грын прыставіў кінжал да горла жабрака.

— Подлы нягоднік! — закрычаў Джордж. — Адпусці кій, а не, дык гэты кінжал перарэжа табе горла!

Жабрак выпусціў з рук кій. Маленькі Джон узяў і ўсадзіў яго ў зямлю.

— Злітуйцеся, не забівайце! — залямантаваў старац. Становішча яго было безнадзейнае, бо яго трымалі два рослыя здаравякі.— Прыміце гэты страшны нож ад маёй шыі, a то нядоўга і памерці ад страху. Што я вам зрабіў? За што вы хочаце забіць мяне?

— За што? — закрычаў Маленькі Джон. — Ах ты абадранец! Ты ледзь не забіў самага высакароднага, самага сумленнага чалавека, які калі-небудзь нараджаўся на свет! Там, на скрыжаванні дарог.

Прывалачом цябе туды, Вішчы хоць, як вяпрук. Наш атаман учыніць суд — Пад меч альбо на сук.

Але старац настойліва прасіў літасці, маліў не забіваць яго.

— Паны дабрадзеі,— прасіў-маліў старац. — Якая вам карысць, калі вы пазбавіце жыцця нейкага жабрака? Адпусціце мяне з мірам, і я сам аддам вам усё, што ёсць у маёй сумцы: сто фунтаў золатам ды яшчэ трохі серабра. Я збіраў усё гэта не год і не два, але чалавеку лепш расстацца з грашамі, чым з жыццём.

— Ты чуеш, што кажа гэты шэльма? — абурыўся Джордж-а-Грын. — У яго жабрацкім кашальку цэлых сто фунтаў і нават больш! He, сапраўды, пра чалавека нельга меркаваць па яго адзежы. Знешнасць падманлівая.

— А я ўжо даўно гэта ведаю, — усміхнуўся Маленькі Джон. — He раз даводзілася пераканацца, што ў наш трывожны век дзіравы плашч прыкрывае вялікае багацце. Што ж, выкладвай, што ты там назбіраў. Паглядзім, колькі ў цябе грошай.

— З вялікім задавальненнем, — сказаў жабрак. Ён адшпіліў ад раменьчыка вялікую скураную сумку і асцярожна, з намаганнем, нібы цяжкі груз, апусціў на зямлю. У вузкай лагчыне падзьмуў моцны вецер. Пад яго раптоўным подыхам лахманы старца ўзвіліся. Ён павярнуўся спінай да разбойнікаў, нібы хаваючыся ад ветру, і нахіліўся над сумкай. Маленькі Джон і Джордж-а-Грын уважліва сачылі за кожным рухам жабрака.

Жабрак засунуў абедзве рукі ў сумку і раптам падняў іх угору. Але не грошы былі ў яго ў жменях, а мука, і ён сыпануў яе проста ў твар разбойнікам. У Маленькага Джона і Джорджа-а-Грына адразу пацямнела ўваччу і заняло дыханне. Мука зацерушыла ім вочы, забіла ноздры, рот і ўсё сыпалася і сыпалася, пакуль яны зусім не аслеплі і не пачалі задыхацца. А тут яшчэ моцны вецер узвіхурыў муку, схаваўшы за непрагляднай белай пялёнкай каварнага і спрытнага жабрака.

Жменю за жменяй кідаў ён муку ў твары разбойнікаў і напаследак рэшткі вытрас ім на галовы. Небаракі намагаліся нешта крычаць, але мука душыла іх, яны сутаргава хапалі ротам паветра, намагаючыся выціснуць нейкія словы, няшчадна церлі вочы, але ад гэтага ім рабілася яшчэ горш.