Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 55
Джон Фінемар
Раптам старац скочыў і схапіў свой кій, які тырчаў у зямлі там, дзе яго ўваткнуў Маленькі Джон.
— Што гэта з вамі, паны дабрадзеі?! — закрычаў жабрак. — Ой, здаецца, я нарабіў вам бяды, запэцкаў мукой вашу вопратку! Дык, калі ласка, я памагу выбіць вашы куртачкі,— і пачаў бязлітасна малаціць цяжкім кіем няшчасных разбойнікаў. Бух! Бух! — апускаўся кій жабрака на спіны і плечы Маленькага Джона і Джорджа-а-Грына. Мука зноў белым воблакам заклубілася вакол іх, і яны, як сляпыя шчаняты, тыцкаліся ва ўсе бакі, выстаўлялі рукі, шукаючы свайго крыўдзіцеля, але той лёгка ўхіляўся ад іх і няшчадна малаціў па галаве, па спіне, па плячах, нібы цэпам па снапах.
Нарэшце небаракі зразумелі: выйсце ёсць толькі адно — ратавацца ўцёкамі. Адчуваючы боль ва ўсім целе, яны задалі драпака па лагчыне, ледзь разбіраючы дарогу.
— Куды вы спяшаецеся? — крычаў жабрак і бег за ўцекачамі, якія імчаліся, спатыкаючыся аб карані і апалае вецце. — Пачакайце адну хвілінку! Я з вамі яшчэ не разлічыўся! He бойцеся, я не жмінда!
Але Маленькаму Джону і Джорджу-а-Грыну ўжо досыць перапала той манеты, якою старац плаціў свае даўгі, і яны яшчэ шпарчэй прыпусцілі да лагчыны.
— Ага, вы не маеце часу! Дык вось вам апошняе маё бласлаўленне на дарогу! — жабрак дагнаў іх і з усяе сілы агрэў іх па чарзе кіем, павярнуўся і пайшоў сваёй дарогаю.
Калі Маленькі Джон і Джордж-а-Грын пераканаліся, што жабрак пакінуў іх у спакоі, яны спыніліся каля ручая і прамылі вочы. Да іх вярнуўся зрок. А жабрака ўжо і след прастыў. Ён знік у лесе, як іголка ў стозе сена. Давялося ім ні з чым вяртацца да атамана і Уіла Скарлета.
— Што такое? — здзівіўся Робін Гуд, убачыўшы іх белыя постаці.— Што з вамі здарылася? Вы пайшлі за жабраком, але, відаць, набрылі на млын і з галавы да ног запэцкаліся мукой.
Маленькі Джон шырока ўхмыльнуўся. Хоць яму і шмат перапала, але пачуццё гумару перамагло.
— Мы схапілі яго, нікуды ён ад нас са сваім кашальком не ўцёк. Нават сам прапанаваў нам выкуп, — і Маленькі Джон расказаў усё, як было: і пра муку, і пра кій.
Робін Гуд і Уіл Скарлет не маглі ўтрымацца ад смеху. Уіл аж заходзіўся ад рогату, бо адзін ён не пакаштаваў жабрацкай палкі.
— Што ж тут скажаш, жабрак нас адолеў,— зазначыў Робін Гуд, бо паважаў смелых і спрытных праціўнікаў.— Давядзецца нам вяртацца, акрамя сінякоў і шышак, з пустымі рукамі. I здаецца, ён пакалаціў вас абодвух куды горш, чым мяне.
— Я акрыяю толькі праз тыдзень, — прабурчаў Маленькі Джон.
— На мне жывога месца не засталося, — паведаміў Джордж-а-Грын.
— Думаю, нам лепш нікому нічога не расказваць, — сказаў напаследак Робін Гуд, — бо мы зняславім сябе павек. Гэта ж трэба, каб нас збіў нейкі старац!
Маленькі Джон і Джордж-а-Грын не мелі, вядома, ніякай ахвоты выстаўляць сябе на пасмешышча, але Уіл Скарлет, відаць, палічыў, што гэтай смешнай гісторыяй нельга з кім-небудзь не падзяліцца, бо неўзабаве яна пайшла гуляць па краіне. Склалі нават баладу і доўга яшчэ спявалі ў народзе пра сустрэчу Робін Гуда і яго слаўных стралкоў з жабраком, у якога торба была набіта мукой.