Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 56

Джон Фінемар

Раздзел чатырнаццаты

Біскуп Герфардскі i аўчары

Ясным сонечным ранкам, праз некалькі дзён пасля злашчаснай сустрэчы з жабраком, Робін Гуд сядзеў на бервяне каля пячоры, што служыла прытулкам яму і яго людзям, і ладзіў лук. На міг адарваўшыся ад свайго занятку, ён убачыў, што да яго шыбуе шавец Лоб. Лоб ужо ачуняў пасля хваробы і цяпер ішоў у Шэрвудскі лес з важнай весткай.

— Навіна, атаман, навіна! — сказаў шавец, падышоўшы.

— Пра каго і пра што, добры Лоб? — спытаў Робін Гуд.

— Пра біскупа Герфардскага.

Робін Гуд насупіў бровы, бо пасля вянчання Алана-а-Дэйла біскуп Герфардскі зрабіўся злейшым ворагам Робін Гуда. Робін Гуд узненавідзеў біскупа за яго прагнасць і жорсткасць.

— Расказвай, Лоб! — загадаў Робін Гуд.

— Біскуп цяпер у Нотынгеме, — паведаміў шавец, — а заўтра паедзе праз Барнасдэйлскі лес. Ён сабраў арэндную плату за царкоўныя землі. Яго грашовыя сумкі напакаваны золатам і серабром, бо ён прымусіў арандатараў разлічыцца поўнасцю, хоць час цяпер цяжкі і грошай у людзей мала. Забраў апошні пені ад удоў і сірот, не паменшыў ні на грош непасільных пабораў.

— Так! — спакойна прамовіў Робін Гуд. — Думаю, пара ўжо добра правучыць гэтага пыхлівага біскупа. Я запрашу яго на абед.

Шавец усміхнуўся. Ён ведаў, што гэта значыць. Багацей-прыгнятальнік, якога пачастуе абедам Робін Гуд, павінен шчодра расплаціцца.

Назаўтра раніцай Робін Гуд і вялікі атрад стралкоў рушылі ў Барнасдэйлскі лес, праз які павінен быў ехаць біскуп Герфардскі.

— Упалюйце аленя, — сказаў Робін Гуд,— I яго асвяжуйце як след. Сёння біскуп са мной паабедае тут I заплаціць спаўна за абед.

Забітага аленя прынеслі на зялёную палянку пры лясной дарозе, і каля яго засталіся Робін Гуд і яшчэ шэсць чалавек. Астатнія схаваліся за дрэвамі і ў хмызняку.

Робін Гуд і шасцёра яго людзей былі апрануты як бедныя аўчары. Замест ярка-зялёных куртак на іх былі старыя падраныя накідкі з шэрай байкі, а замест лукаў і мячоў — пастуховыя кіі з кручкамі на канцах. Яны мелі самы мірны выгляд, таму біскуп Герфардскі, які ехаў з вялікай узброенай світай, прыняў іх за простых аўчароў, што вырашылі крыху адпачыць і павесяліцца, бо разбойнікі паспелі ўжо развесці вялікае вогнішча і цяпер весела скакалі вакол яго.

Але калі ён пад’ехаў бліжэй і ўбачыў каля вогнішча тлустага аленя, якога збіраліся смажыць, яго ахапіў гнеў. Ён быў упэўнены, што ніхто, акрамя дваран і высокіх царкоўных асоб, не мае права есці смачнае мяса аленяў, і вырашыў, што натрапіў на гняздо вандроўных браканьераў.

— Што вы робіце? — біскуп ажно вар’яцеў.— I чаму узнялі гэткі тлум? Каралеўскіх аленяў вялікіх б’яце, He з’ясце усё. Рэшта у глум? — Пастухі мы, — яму адказаў Робін Гуд,— Мы авечак пасём круглы год. А сёння прыйшлі ў каралеўскі Шэрвуд Адпачыць і насыціць жывот.

Пачуўшы дзёрзкі адказ, біскуп ледзь не ашалеў ад злосці. Нечуваная абраза! Яшчэ не было выпадку, каб пастухі не станавіліся перад ім на калені з найвялікшай пачцівасцю. Ды вось знайшоўся ж нейкі хам, што размаўляе з ім гэткім задзірлівым тонам.