Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 53
Джон Фінемар
Робін Гуда апанавала злосць. Ён хуценька ўскінуў лук і паклаў вялікую стралу на цеціву. Але жабрак на імгненне апярэдзіў яго і нанёс такі ўдар сваім суком, што і лук, і тоўстая страла разляцеліся на дробныя кавалкі.
Робін Гуд схапіўся рукой за эфес мяча. Але зноў узняўся вялікі сук і ўдарыў па костачках пальцаў. Рука ў Робін Гуда адразу анямела, і ён не змог выцягнуць з ножан меч. Праз імгненне трэці раз апусціўся тоўсты яблыневы сук — цяпер ужо на галаву разбойніка. Хрась! — і Робін Гуд распасцёрся на зямлі. А бясстрашны жабрак абапёрся на сваю кульбу і пачаў насміхацца з беднага Робін Гуда.
— Уставай, чалавеча! — хіхікаў ён. — Рана яшчэ спачываць. Падыміся і палічы, колькі грошай ты ў мяне ўзяў, а тады ідзі ў карчомку і весела пагуляй з прыяцелямі, выпі вінца і піўца за кошт жабрака. Уставай, кажу табе!
Але пасля такога моцнага ўдару па галаве Робін Гуд не спяшаўся падымацца на ногі. Жабрак яшчэ крыху пакпіў з распластанага на зямлі праціўніка і пайшоў сваёй дарогай.
Хвілін праз пяць на дарозе паказаліся Маленькі Джон, Уіл Скарлет і вясёлы пастух-заганяты Джордж-а-Грын. На іх долю не выпала ніякіх прыгод, і яны пайшлі шукаць свайго атамана. Убачыўшы здалёку, што ён ляжыць пластом на зямлі, яны з усіх ног памчаліся да яго.
— Што здарылася, атаман? — з трывогай спытаў Маленькі Джон. — Што з табой? Твае лук і страла пашчапаныя і галава ў крыві.
— Ох, сябры мае, — прастагнаў Робін Гуд. — Сустрэўся мне на дарозе нейкі старац. Ён так спрытна арудуе кульбай, як ніхто іншы, — і расказаў, што з ім было.
— Падумаць толькі! — усклікнуў Маленькі Джон. — Мы не дазволім нейкаму жабраку так жорстка абыходзіцца з нашым атаманам, ды яшчэ ўцячы цэлым і здаровым! Ты, Уіл, пабудзь тут з Робін Гудам, а мы з Джорджам дагонім нахабніка і адплацім яму той жа манетай.
Ніхто не пярэчыў. Уіл Скарлет узяўся перавязваць галаву Робін Гуду, а Маленькі Джон з Джорджам-а-Грынам кінуліся даганяць старца.
— Толькі беражыцеся яго кульбы! — крыкнуў ім услед Робін Гуд. Маленькі Джон адказаў:
— Я ведаю, як дагнаць нягодніка, — сказаў Маленькі Джон Джорджу-а-Грыну. — Тут паблізу ёсць сцяжынка праз лясок. Яна скарачае дарогу на тры мілі і зноў выходзіць на балыпак. Там і падпільнуем жабрака.
Неўзабаве яны павярнулі ў лес і пабеглі напрасткі, не разбіраючы дарогі. Яны гарэлі жаданнем апярэдзіць і злавіць чалавека, які гэтак жорстка расправіўся з іх атаманам. Нарэшце яны апынуліся ў вузкай, зарослай дрэвамі лагчыне, па якой пралягала вялікая дарога. Тут Маленькі Джон схіліўся да зямлі і пачаў уважліва ўглядацца ў пыл і пясок.
— Свежых слядоў чалавека або звера на дарозе няма, — нарэшце вызначыў ён. — Відаць, жабрак тут яшчэ не праходзіў.
— Тады ён наш, — абрадаваўся Джордж-а-Грын, — і шкурай сваёй заплаціць за сённяшні дзёрзкі ўчынак.