Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 52
Джон Фінемар
Калі яны паелі, Робін Гуд падняўся з травы і сказаў сябрам:
— Пасядзіце тут і пасачыце за дарогай. А я прайду крыху далей. Калі нічога цікавага не сустрэну, вярнуся да вас.
— А калі ў нас нічога не будзе цікавага, што нам рабіць? — спытаў Маленькі Джон.
— Што ж, тады даганяйце мяне, — адказаў Робін Гуд.
Маленькі Джон, Уіл Скарлет і Джордж-а-Грын засталіся пад цёрнам, а Робін Гуд пакрочыў па бальшаку. Праз дзве мілі яго пераразала палявая дарога. Робін стаяў на скрыжаванні даволі доўга. Нарэшце на палявой дарозе паказаўся чалавек у жабрацкіх лахманах. Ён ішоў роўным, рашучым крокам. Робін Гуд пільна ў яго ўглядаўся.
«Клянуся, чалавек гэты ідзе смела і трымае ў руцэ добры сук ад дзікай яблыні,— падумаў Робін Гуд. — Людзі кажуць, што такія бадзягі-старцы нярэдка падбіраюць усё, што дрэнна ляжыць, і можна знайсці каштоўныя рэчы і ў іхніх брудных торбах. Зараз я з ім пабалакаю».
Робін Гуд стаяў пасярод палявой дарогі. Жабрак заўважыў яго, але ішоў усё тым жа роўным, шырокім крокам — ні шпарчэй, ні павольней. Чым бліжэй ён падыходзіў, тым ясней рабілася, што мець з ім справу небяспечна. Лахманы яго развяваліся ад ветру, і цераз шматлікія прарэхі віднеліся загарэлыя дужыя рукі і ногі. Падраны плашч быў скрозь у латках усіх колераў вясёлкі. На галаве ў яго былі адразу тры патрапаныя і сплюшчаныя капелюшы адзін на адным. Вялікая скураная сумка матлялася на сырамятным раменьчыку, перакінутым цераз шыю.
— Спыніся, прыяцель, — сказаў Робін Гуд. — Спыніся, і давай пагаворым.
Жабрак і вухам не павёў, зрабіў выгляд, што ні слова не пачуў. Ішоў, не запавольваючы хады.
— I ўсё-такі давядзецца табе спыніцца, — сказаў Робін Гуд і перагарадзіў дарогу.
— Далібог, у мяне няма ахвоты слухаць цябе, — буркнуў жабрак. — Мне, скажу я табе, яшчэ далёка ісці, і не хочацца прыходзіць у начлежны дом позна, бо вячэру ўжо ўсю паядуць. Уяўляеш, які будзе ў мяне выгляд, калі ў жываце будзе пуста да раніцы?
— Нядобра, што ты клапоцішся пра тое, каб самому павячэраць, а пра другіх не думаеш, — сказаў Робін Гуд. — А як наконт маёй вячэры? Пазыч мне трохі грошай, і я мігам злятаю ў бліжэйшую карчму.
— Грошай! — закрычаў жабрак. — У мяне няма грошай, каб табе пазычыць. А каб нават і былі, я табе і медзяка не даў бы. Гадамі ты не старэйшы за мяне, і здароўе ў цябе не горшае. Так што прэч з дарогі, сам здабывай сабе на харч! Калі ты думаеш, што будзеш есці хлеб за мае грошы, дык у цябе і крошкі ў роце не будзе ўсе наступныя дванаццаць месяцаў. За гэта я табе галавой ручаюся.
— Ну і дзёрзкі ж ты на язык! Знімай сваю торбу, жабрак, я сам пагляджу, што ў ёй ёсць! Развязвай завязкі, a то разарву вось гэтай рукой. Калі там маецца хоць адзін медны грош, дык я хачу на яго зірнуць.
— Без прадаўца няма купца, — усміхнуўся жабрак. — А што будзе, калі я цябе не паслухаюся?
— Як не паслухаешся? — павысіў голас Робін Гуд. — Толькі паспрабуй заўпарціцца і падняць шум, і я ўраз зраблю дзіравай тваю жабрацкую шкуру.
— Лепш прапусці мяне, — сказаў жабрак са злавеснай усмешкай. — Мне не страшны твой лук і твае тоўстыя стрэлы. Папярэджваю, ад мяне ты нічога не даможашся, акрамя непрыемнасцей.