Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 45
Джон Фінемар
— Я лучнік, пан аканом. Вазьміце мяне туды, дзе трэба стрэлы пускаць, і я ваш пакорны слуга. А пакуль што пакіньце мяне ў спакоі.
Аднаго ранку Маленькі Джон заляжаўся ў мяккай пасцелі. У ёй было так прыемна, што не хацелася вылазіць. Калі ж нарэшце падняўся, яму сказалі, што шэрыф паехаў на паляванне. «Вось як! Шэрыфу, значыць, захацелася свежай дзічыны! — падумаў Маленькі Джон. — Дык, шчыра прызнаюся, мне і самому не церпіцца вярнуцца ў Шэрвудскі лес».
Увесь час, што Маленькі Джон прабыў у шэрыфавым доме, ён уважліва прыслухоўваўся і прыглядаўся да таго, што там адбывалася. Калі ўсе думалі, што ён моцна спіць, Маленькі Джон напружана прыслухоўваўся, пільна прыглядаўся да ўсяго, але ні разу не пачуў і не ўбачыў нічога, што сведчыла б, што шэрыф задумаў нешта нядобрае супраць Робін Гуда і яго зялёных стралкоў. Маленькі Джон зразумеў, што чуткі, якія дайшлі да іх у Шэрвудскі лес, былі беспадстаўныя.
«Падсілкуюся, а ўжо тады пайду ў лес да свайго атамана», — падумаў ён і пайшоў шукаць хлеба, мяса і элю.
Па дарозе на кухню ён сутыкнуўся ў калідоры з таўстуном аканомам.
— Шаноўны пан аканом, — сказаў яму Маленькі Джон, — пакарміце мяне, калі ласка, добра, а то я галодны, як воўк сярод зімы.
— А хоць бы як тры ваўкі! — гыркнуў аканом. — Час снедання даўно мінуў, Рэно Грынліф. Ужо даўно прыбралі са стала. He пра снеданне, а пра абед трэба цяпер думаць.
— Тады назавіце гэта абедам, калі хочаце, — сказаў Маленькі Джон. — Мне важна адно — паесці.
— Hi есці, ні піць я табе не дам, — закрычаў аканом, — пакуль не вернецца з палявання шэрыф.
— Што?! — абурыўся Маленькі Джон. — Гэтак доўга пасціцца? Беражыцеся, пан аканом, не ўводзьце мяне ў гнеў, a то я магу і трэснуць вас па галаве.
Аканом нічога больш не сказаў, з грукатам зачыніў дзверы кладоўкі і пераможна засмяяўся.
Але таўстун ранавата смяяўся.
Аканом зваліўся, як мех, на падлогу, а Маленькі Джон падышоў да кладоўкі і адным ударам пляча высадзіў дзверы. Ад таго, што ён убачыў у кладоўцы, у яго ажно слінкі пацяклі. Адразу яму на вочы трапіўся вялікі пірог з мясам, добра прапечаны, з румянай скарынкай. Ён адкроіў ад яго добрую лусту, з’еў і наліў з бочкі, што стаяла ў куце, вялікі куфаль светлага пеністага элю. Потым адрэзаў ад кумпяка і праглынуў з дзесятак кавалкаў халоднай аленіны і запіў цудоўным вінаградным канарскім віном, а пасля пачаў каштаваць усё падрад. Такога смакоцця ён яшчэ ніколі не еў. У кладоўцы не было на што сесці, і ён еў стоячы. Сталом яму служыла высокая паліца амаль пад самай столлю, і ён не абмінуў нічога, што на ёй ляжала.
У гэты час да кладоўкі падышоў кухар. Ён шукаў аканома. I раптам кухар знерухомеў, ашаломлены відовішчам, што паўстала перад яго вачамі: на падлозе ў калідоры стагнаў аканом, а ў кладоўцы лучнік шэрыфа спусташаў паліцы. Набег лучніка на кладоўку нібы вострым нажом разануў па сэрцы кухара. Гэты бамбіза знішчаў усё, што прыгатавалі на абед шэрыфу і яго свіце, якія неўзабаве вернуцца галодныя з палявання. Кухар аж закіпеў увесь ад злосці. Чалавек ён быў рашучы і дужы, таму падскочыў да Маленькага Джона і тры разы аперазаў яго па спіне палкай, што была ў яго ў руцэ.