Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 47
Джон Фінемар
Маленькі Джон напакаваў яго сярэбраным посудам і залатымі манетамі, завязаў і ўскінуў на плечы.
— А цяпер — у лес! — сказаў ён.
Кухар павёў яго таемным ходам да маленькіх патайных дзвярэй. Неўзабаве нашы героі апынуліся за сценамі горада і пашыбавалі ў лес.
Раздзел дванаццаты
Шэрыф начуе ў лece
Робін Гуд, Мач, Уіл Скарлет і брат Тук стаялі каля ўвахода ў пячору, захопленыя гутаркай.
— Я вельмі непакоюся за Маленькага Джона, — сказаў Робін Гуд. — Ужо некалькі дзён мінула, а ад яго няма ніякіх вестак.
— Няма гуку — няма груку, — сказаў Мач. — Бо калі б шэрыфавы людзі схапілі яго, падняўся б страшэнны шум на ўсю акругу.
— Можа, мне схадзіць у горад і паспрабаваць што-небудзь разведаць пра яго? — прапанаваў Уіл Скарлет.
— He, не, — запярэчыў брат Тук. — Пайду я. Апрануся вандроўным багамольцам і спакойна пранікну, куды захачу. Раптам Тук вытрашчыў вочы, паказаў на лес рукой і закрычаў: — Гляньце, гляньце, вунь, вунь туды! Пра воўка памоўка, а воўк тут! Клянуся сваёй рызай іружанцам, калі гэты асілак з мехам на спіне не Маленькі Джон, дык я не манах!
Усе павярнуліся ў той бок, куды паказваў брат Тук, і радасны крык вырваўся з іх грудзей. Шырокім крокам да іх набліжаўся Маленькі Джон.
— Адважны наш таварыш! — усклікнуў Робін Гуд. — Клянуся, Маленькі Джон, я проста шчаслівы, што зноў бачу цябе. Што новага прынёс з Нотынгема?
— Прынёс, атаман, прынёс. Прывітанне ад шэрыфа,— адказаў Маленькі Джон і пакланіўся. — I прывёў шэрыфавага кухара. — Ён паказаў на свайго спадарожніка і зноў пакланіўся атаману. — А яшчэ я прынёс скарбы шэрыфа.
Маленькі Джон скінуў з плячэй мех. Там штосьці весела зазвінела і задзынкала. Лес выбухнуў гучнымі воклічамі адабрэння і радаснага рогату, калі з меха пасыпаліся сярэбраныя вазы і кубкі і залатыя манеты.
— Баюся, тут няма ніводнай рэчы, якую б ты ўзяў з дазволу пана шэрыфа, — засмяяўся Робін Гуд.
Тут да яго імкліва падбег Уіл Ст’ютлі і закрычаў:
— Атаман! Праваліцца мне на гэтым месцы, калі не сам шэрыф палюе на аленяў у Свяшчэнным парку! Я прыкмеціў загоншчыкаў, яны ішлі ланцугом. I я адразу кінуўся сюды, каб вам паведаміць.
— Ты праўду кажаш, Уіл? — абрадаваўся Маленькі Джон. — У такім разе, клянуся сваім лукам і стрэламі, у нас акрамя шэрыфавых скарбаў і кухара зараз будзе і сам шэрыф! — і шпарка памчаўся ў глыб лесу.
Маленькі Джон бег, пакуль не апынуўся ў Свяшчэнным парку і не ўбачыў шэрыфа. Шэрыф ехаў на кані вельмі змрочны і злосны. Сабакі шалёна брахалі, надрываліся ражкі, але не было ніякіх прыкмет, што паляванне ўдалося. Маленькі Джон падышоў да шэрыфа і нізка пакланіўся яму.
— Бог вам у помач, мілорд, бог у помач! — прывітаў ён шэрыфа.
— А-а, гэта ты, Рэно Грынліф! — здзівіўся шэрыф. — Чаго ты тут?
— А я пайшоў следам за вамі, мілорд, — адказаў Маленькі Джон. — Ну, як паляванне? Шмат здабычы, пан шэрыф?
— Ды не, нічога не знайшлі, мой добры Грынліф,— з горыччу адказаў шэрыф. — Цэлы дзень ганяліся па лесе з сабакамі, а не паднялі і не загналі ніводнага звера.
— Ну, дык дазвольце, мілорд, я пакажу вам, дзе ёсць дзічына. Ідучы па лесе, я раптам убачыў такое! Больш цудоўнага відовішча ніколі не было. Магутны рагач, увесь зялёны, а з ім амаль паўтары сотні галоў. А рогі якія! Такія вострыя, што я, мілорд, не адважыўся нават цэліцца ў яго: баяўся, што ён кінецца на мяне і падыме на рогі.