Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 43
Джон Фінемар
Ляснік ад злосці зачырванеўся, нібы жар, падскочыў да жабрака і замахнуўся кулаком, цэлячыся яму ў твар.
— Дай яму, Хэл з Крофта! — закрычалі прыяцелі лесніка. — Пакажы гэтаму шэльму, што такое ўдар лесніка!
Але ўдар не трапіў у цэль. Жабрак спрытна адхіснуўся, і кулак Хэла з Крофта прамільгнуў за паўпядзі ад твару жабрака.
— Уцякай, жабрача, бяжы! — крыкнуў яму нейкі добразычлівец з натоўпу. — Хэл зробіць з цябе халадзец, вунь якія ў яго кулакі. Ратуйся!
— He, я ўцякаць не буду, — прабурчаў жабрак. — Дайце нам месца, станьце ў круг, і няхай Хэл б’е мяне, колькі душа пажадае.
— Круг! Круг! — зароў натоўп у захапленні.— Кулачны бой Хэла з Крофта і велікана-жабрака!
Адразу ўтварыўся круг. Хэл с Крофта скінуў з сябе кароткую скуранку, перадаў лук прыяцелю, папляваў у кулакі і паабяцаў збіць гэтага нахабнага абадранца на горкі яблык. Ніхто ва ўсім Нотынгеме не біўся на кулаках так спрытна, як Хэл з Крофта. Колькі ўжо ён атрымаў перамог на гэтай самай плошчы!
Жабрак аддаў патрымаць лук нейкаму вартаму даверу ёмену і пахаджваў, накульгваючы, узад і ўперад па сваім баку круга, і такая ў яго была пацешная паходка і ўся пастава, што гледачы заходзіліся ад смеху.
I вось пачаўся бой. Крыкі і выгукі захаплення павалілі з натоўпу, як дым з печы. Хэл махаў кулакамі, як кувалдамі, але ніводзін яго ўдар не пацэліў у галаву праціўніка. Бо жабрак гэтак моцна кульгаў, што пры кожным руху галава яго то імкліва апускалася на фут ніжэй, то падымалася на фут вышэй. Толькі Хэл з Крофта размахнецца, каб пацэліць у твар, галава жабрака апусціцца і кулак разразае паветра, а ў той самы момант кулак жабрака малоціць па Хэлавых рэбрах.
Хоць праціўнік Хэла з Крофта і быў калека, ён хутка і спрытна перамяшчаўся па крузе. Лахманы яго і торбы развяваліся і матляліся. На ўсё гэта было вельмі смешна глядзець, і прысутныя ад радасці так крычалі, што сарвалі галасы.
Нечакана бой скончыўся. Даведзены да шаленства ляснік загнаў жабрака ў кут, адкуль не было выйсця.
— Загнаў у кут! Загнаў у кут! — абрадаваліся прыяцелі Хэла. — Цяпер ён твой! Пакажы яму, Хэл, што такое ўдар лесніка!
Але ў тое імгненне, калі ўсе ўжо рыхтаваліся ўбачыць славуты баксёрскі прыём, жабрак прыўзняўся, і першы раз за ўвесь бой яго кулак па-сапраўднаму трапіў у цэль. Трэсь! Усе пачулі тры такія гукі. Гэта трэснулі, нібы сухія палкі, тры рабрыны Хэла з Крофта, і ён пераляцеў цераз увесь круг і грымнуўся на зямлю непрытомны. На некалькі імгненняў запанавала мёртвая цішыня, усе ад здзіўлення знерухомелі. Такі волатаўскі ўдар!
Потым наперад праціснуліся два-тры леснікі з кіямі ў руках, каб пакараць жабрака за тое, што ён так лёгка збіў з ног іх чэмпіёна. Але з натоўпу пачуліся крыкі абурэння:
— Гульня была сумленная! Гульня сумленная!
Нейкі гараджанін закрычаў:
— Удар быў па правілах! Па правілах! Хэл атрымаў тое, што сам хацеў зрабіць! Патрабую справядлівасці! Жабрака не чапаць! — і пачаў круціць над галавой вялікую дубіну.