Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 44
Джон Фінемар
Гэтага справядлівага чалавека дружна падтрымалі яго прыяцелі і знаёмыя, і леснікі вымушаны былі адмовіцца ад свайго намеру расправіцца з жабраком. Са змрочнымі тварамі пабрылі яны з рынку, несучы на руках свайго развенчанага куміра.
— Скажы, жабрак, — спытаў у пераможцы гараджанін, які так рашуча заступіўся за яго, — ты гэтаксама добра страляеш з лука, як б’ешся на кулаках?
— He горш, — упэўнена адказаў жабрак.
— Што ж, суседзі мае і прыяцелі,— сказаў дабрадушны гараджанін, абводзячы позіркам сваіх прыхільнікаў,— у такім разе давайце праводзім гэтага чалавека на стрэльбішча, і, я ўпэўнены, сёння мы з вамі ўбачым выдатную стральбу.
Усе згадзіліся і вялікім гуртам рушылі на месца спаборніцтва, цесным колам акружыўшы жабрака, каб па дарозе на яго не напалі леснікі. Але перш чым пайсці, Маленькі Джон сказаў пісару сваё імя, і той унёс яго ў спіс пад імем Рэно Грынліфа, якое абазначала — Лясны Ліс. Маленькі Джон ціхенька хіхікнуў, калі падумаў, як добра пасуе яму такое імя.
У пачатку спаборніцтва стралялі па мішэнях, што былі на стрэльбішчы, і жабрак выйшаў пераможцам. Тром лепшым стралкам паставілі цяжэйшую задачу — пацэліць у вярбовы прут, уваткнуты ў зямлю. З трох толькі жабрак даказаў сваё высокае майстэрства — яго страла, нібы вострым нажом, рассекла тонкую галінку на дзве роўныя палавінкі.
— У жыцці не бачыў такога! — усклікнуў шэрыф, які ўважліва сачыў за стральбой. У той дзень ён першы раз выйшаў з дому. Рана на плячы ў яго ўжо загаілася, і ён з задавальненнем сачыў за спаборніцтвам.
— Падыдзі да мяне, жабрак! — загадаў ён.
Маленькі Джон падышоў да яго і пакорліва сагнуў калена ў паклоне.
— Як цябе завуць і адкуль ты? — спытаў шэрыф.
— Я, шаноўны пане, Рэно Грынліф, а нарадзіўся ў Холдэрнесе, — адказаў Маленькі Джон.
— Ты, відаць, мог бы напяць і большы лук, Рэно Грынліф з Холдэрнеса? — сказаў шэрыф.
«Вядома, магу! — падумаў сам сабе Маленькі Джон. — Іначай як бы я ўсадзіў табе стралу ў плячо, горды шэрыф?» — але ўголас нічога не сказаў, толькі яшчэ раз сагнуў калена перад шэрыфам.
— Проста ганьба глядзець — такі выдатны стралок, a ходзіць у лахманах. Ідзі, добры маладзец, да мяне на службу, — прапанаваў шэрыф. — Кожны год будзеш мець ад мяне дваццаць марак жалавання.
Маленькі Джон адразу згадзіўся, бо быў упэўнены, што на службе ў шэрыфа даведаецца пра ўсё, што яму трэба. Шэрыф радаваўся, што ўзяў такога добрага стралка за целаахоўніка. А Маленькі Джон толькі пасмейваўся і мармытаў сабе пад нос: «Вялікі дзякуй, горды шэрыф, вялікі дзякуй! Ты думаеш, што Рэно Грынліф твой верны слуга, але памыляешся. Я так услужу табе, як ніколі ніхто з тваіх самых вераломных прыслугачоў».
Некалькі дзён Маленькі Джон, або Рэно Грынліф, жыў у доме шэрыфа. Смачна еў і смачна піў, сядзеў каля гарачага каміна або грэўся на сонейку і ні разу ні за што не зачапіў рук. Гэта злавала аканома, чалавека ганарлівага, які прывык, каб кожны чалядзінец хадзіў перад ім на задніх лапках. Але калі ён загадваў новаму прыслужніку што-небудзь зрабіць, гэты лайдак нават з месца не кранаўся, а толькі адказваў: