Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 46
Джон Фінемар
— Клянуся, ты самы вялікі шэльма, якога я калі-небудзь бачыў у гэтым доме! — закрычаў кухар. — Гэтакі варварскі спосаб абедаць!
Маленькі Джон праглынуў ежу і сказаў:
— А ты, клянуся, залішне дзёрЗкі храбрэц: гэтак груба адрываеш людзей ад яды. I перш чым я пайду з гэтага дома, хачу праверыць, на што ты здольны.
Амаль гадзіну ўпарта біліся Маленькі Джон і шэрыфаў кухар, і ніхто з іх не атрымаў нават драпіны. Яны былі роўныя праціўнікі і добра валодалі ўсімі тайнамі бою на мячах.
Прытрымайце меч, пан кухар! — нарэшце крыкнуў Маленькі Джон. — Шчыра скажу, такога майстра арудаваць мячом, як ты, я яшчэ не сустракаў. Шкада, што такі маладзец мае справу з гаршкамі ды патэльнямі, каб набіць смачнымі стравамі чужыя жываты…
— Мне і самому гэта не даспадобы, — сказаў кухар. — Але што зробіш?
— Вы гэта шчыра кажаце? — абрадаваўся Маленькі Джон. — Дык калі вы валодаеце лукам гэтак жа добра, як мячом, я мог бы ўзяць вас з сабой у Шэрвудскі лес і прывесці да чалавека, якому вы з радасцю служылі б.
— А хто ён такі? — пацікавіўся кухар.
Маленькі Джон нахіліўся да яго і на вуха прашаптаў:
— Робін Гуд.
Кухар вылупіў вочы і здзіўлена ўтаропіўся на лучніка. I сапраўды, было ад чаго прыйсці ў замяшанне. Лясны разбойнік на службе ў шэрыфа! Потым кухар падняў левую руку і сказаў:
— Апусці меч. З гэтага дня я ваш таварыш.
— Тады пачастуйся разам са мной пірагом з аленінай, — засмяяўся Маленькі Джон. — Калі твая палка так нечакана апусцілася на мае лапаткі, я збіраўся якраз з’есці яшчэ адзін кавалак гэтага смачнага пірага. Цяпер, пасля нашага маленькага паядынку, у мяне разгарэўся яшчэ большы апетыт.
Кухар паклаў меч і пачаў арудаваць нажом сярод далікатэсаў на паліцах кладоўкі. Потым прынёс з кухні новыя прысмакі, і яны з Маленькім Джонам добра пабалявалі. Перад адыходам у Шэрвудскі лес кухар сказаў:
— He ісці ж нам у лес з пустымі рукамі. Я пакажу табе, дзе шэрыфава скарбніца.
— Вось каб забрацца туды! — усклікнуў Маленькі Джон. — Людзі кажуць, яна даверху набітая дарагім сярэбраным посудам, які шэрыф купіў на грошы беднякоў ад пабораў і штрафаў.
— Людзі гавораць праўду, — пацвердзіў кухар. — Дык пойдзем са мной, я пакажу, дзе ўсё гэта ляжыць.
Неўзабаве яны апынуліся перад шырокімі, акаванымі жалезам дзвярамі са сталёвымі заваламі.
— Прынясі, калі ласка, самы вялікі молат, які толькі зможаш падняць, — папрасіў Маленькі Джон кухара, і той хуценька пайшоў і прынёс цяжкі кавальскі молат.
Некалькімі магутнымі ўдарамі Маленькі Джон збіў замкі і разам з кухарам увайшоў у пакой, дзе шэрыф хаваў свае скарбы.
— Знайдзі самы вялікі мех, які толькі ёсць у доме,— зноў папрасіў Маленькі Джон, і кухар збегаў і прынёс мех, у якім мог схавацца чалавек.