Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 42
Джон Фінемар
Шынкар убачыў, што ў жабрака ёсць чым расплаціцца, і дазволіў яму зайсці, але ў галоўную залу не пусціў.
— Ідзі вось сюды, — сказаў ён, — у гэтую баковачку. Такому, як ты, і тут будзе добра.
Жабрак пакорліва зайшоў у цесную цёмную каморку побач з піўной залай. Вакол старога стала, які ледзь ліпеў, стаялі дзве-тры табурэткі.
Жабрак сядзеў адзін за сталом, пацягваючы з куфля эль, і быў дужа задаволены, бо праз адчыненыя дзверы яму добра было чуваць кожнае слова з піўной залы. Hi пра які паход супраць разбойнікаў гаворкі не было. Размова ішла пра вялікае спаборніцтва стралкоў з лука, якое мелася адбыцца назаўтра апоўдні на гарадскім стрэльбішчы. У тыя часы такія спартыўныя спаборніцтвы былі самымі любімымі з народных забаў, і амаль ніводнага пагодлівага дня не мінала, каб майстры лука не паспрачаліся між сабой у меткасці.
Жабрак прамармытаў сабе пад нос: «Вялікае спаборніцтва… Я пайду на стрэльбішча. Трэба толькі недзе дастаць лук і стрэлы. Там языкі развяжуцца, людзі пачнуць гаманіць пра тое, што ведаюць, і я, можа, пачую важныя навіны».
Калі жабрак выжлукціў збанок элю і пакінуў піўную, пачало ўжо брацца на ноч. Ён зноў пакандыбаў у майстэрню шаўца. Лоб зрабіў яму ў кутку пасцель з сена, і Маленькі Джон улёгся спаць.
Назаўтра, апаўдня, на рыначнай плошчы звонка заспявалі фанфары герольдаў — вяшчальнікаў. Тры герольды ў новых бліскучых накідках — табардах, надзьмуўшы шчокі, як мячыкі, збіралі народ, каб абвясціць пра ўрачыстую падзею. З самага ранку тут прадавалі і куплялі, таргаваліся, але цяпер гандаль ужо ішоў на спад. Наставаў час для розных забаў і спартыўных гульняў — аж да захаду сонца.
На плошчы сабраўся натоўп. Людзі хацелі паслухаць пра парадак і ўмовы стралковага спаборніцтва. Герольды абвясцілі, што пераможца атрымае новы прыгожы ражок і дваццаць сярэбраных пенсаў, і ўсе пагадзіліся, што прыз досыць каштоўны і яго будуць аспрэчваць лепшыя стралкі горада і навакольных сёл.
Ля крыжа на рынку ўсеўся пісар з лістом паперы ў руках, гусіным пяром і рагавой чарніліцай, і да яго пачалі адзін за адным падыходзіць гараджане і вяскоўцы, каб ён запісаў іх на спаборніцтва. Сярод іх быў брыдкі з выгляду кульгавы жабрак з лукам на плячы і калчанам стрэл на поясе. Калі ён падышоў да пісца, каб назваць сваё імя, усе зявакі, што стаялі навокал, гучна зарагаталі, а чалавек, які хацеў запісацца раней жабрака, груба адштурхнуў яго.
— Асадзі назад, хам! — сказаў яму гэты рослы, дужы чырванашчокі чалавек у адзенні лесніка. — Як ты смееш соваць сюды нос? Хіба не бачыш, тут людзі вышэйшага саслоўя? I наогул, чаго ты прыйшоў? Ідзі прэч адсюль! I не абкрадай пудзілы на аўсяных палетках!
Натоўп зарагатаў. Во як пажартаваў ляснік з убогай адзежы жабрака! Ды раптам смех абарваўся. Жабрак высунуў з-пад плашча дужую, нібы сук вялікага дуба, руку, схапіў лесніка за горла і шпурнуў убок, быццам малое дзіця.
— Хто першы прыйшоў, той першы і зайшоў,— абвясціў жабрак. — Дазвольце сказаць вам, шаноўны ляснік, што я бліжэй да пісара і таму маю большае права запісацца раней за вас.