Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 41

Джон Фінемар

— Толькі, глядзі, будзь асцярожны, Маленькі Джон, — сказаў Робін Гуд. — Нават за ўсе навіны на свеце не хацеў бы я страціць цябе.

— He бойся, атаман, — адказаў велікан. — Я буду абачлівы ва ўсім.

Апаўдня да гарадскіх варотаў Нотынгема падышоў вялікага росту кульгавы жабрак у лахманах. Адно плячо ў яго было на паўфута вышэй за другое, твар скрыўлены набок, чорная павязка закрывала адно вока. Ідучы, ён моцна прыпадаў на адну нагу. Брамнікі кінулі некалькі грубых жартаў услед абарванаму калеку, але жабрак прапусціў іх міма вушэй і спакойна пайшоў далей, быццам шукаючы месца, дзе можна было б адпачыць. Ён мінуў рыначную плошчу і павярнуў у завулак. Тут ён спыніўся перад маленькім дамком, падобным на будку, з акенцам і аканіцамі, якія закрываліся нанач. Гэта была шавецкая майстэрня Лоба. Звычайна яго можна было амаль заўсёды ўбачыць тут з шылам ці малатком у адной руцэ і чаравікам у другой. Але на гэты раз праз акенца не было відаць нікога.

Калека-жабрак зайшоў у майстэрню праз заднія дзверы і апынуўся ў маленечкім пакойчыку. Тут ён і ўбачыў шаўца, які ляжаў на старым сенніку.

— Ты што, занядужаў, дружа? — ціхенька спытаў жабрак.

Лоб адразу пазнаў голас і зразумеў, што перад ім Маленькі Джон.

— Ага, Маленькі Джон, — адказаў ён, — хварэю ўжо амаль чатыры тыдні, але цяпер пачаў пакрысе папраўляцца.

— Вось і добра, — сказаў Маленькі Джон. — А мы ўсё гадалі, чаму ад цябе няма ніякіх вестак. Я і пайшоў у горад, каб дазнацца, што з табой здарылася.

— Добра, што ты пераапрануўся, — сказаў Лоб. — Я чуў, што вы прагналі шэрыфа з лесу, ды яшчэ са стралой у плячы. Суд будзе кароткі, а вяроўка доўгая, дружа, калі яны схопяць цябе або каго з вас.

— Твая праўда, Лоб, — адказаў Маленькі Джон і засмяяўся. — Таму я і прабраўся ў горад, каб пранюхаць, якія падкопы строіць супраць нас шэрыф гэтым разам.

— Калі ён што і задумаў, дык усё трымаецца ў строгім сакрэце, — сказаў Лоб. — У горадзе няма ніякіх чутак пра паход супраць Робін Гуда і яго людзей.

— Добра. Але ўсё ж я пахаджу па горадзе. Можа, што-небудзь новенькае і пачую. Дык пакуль што бывай, дарагі Лоб, папраўляйся.

Ад шаўца ўяўны жабрак падаўся на рыначную плошчу, сеў на прыступку ля крыжа, зняў з галавы сваю падраную шапку, каб збіраць у яе міласціну. Ніхто не кінуў У яе і меднага гроша, але жабрака гэта мала турбавала. Ён увесь ператварыўся ў слых: не прапускаў ніводнага слова з таго, пра што гаварыў і пляткарыў базарны люд.

Праседзеўшы гэтак з гадзіну, ён пайшоў з рыначнай плошчы, кіруючыся ў знаёмую піўную, куды часта завітвалі шэрыфавы людзі, каб прагнаць элем смагу.

Ён пераступаў парог піўной, як раптам да яго падскочыў пузаты шынкар, перагарадзіў дарогу.

— Ідзі прэч адсюль, жабрак! — крыкнуў гаспадар. — Я не дазволю табе прыставаць да маіх наведвальнікаў, выпрошваць у іх міласціну!

— Што вы, што вы, добры пане, — сказаў жабрак. — Я не па міласціну прыйшоў, а хачу выпіць элю. Думаеце, у мяне не знойдзецца, чым заплаціць за збанок гэтага пітва? Вось зірніце, — ён пакорпаўся ў сваёй жабрацкай торбе, што вісела на сырамятным рамяні, і выбудзіў адтуль жменю дробных медных манет.