Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 40

Джон Фінемар

— Вітаю цябе, Артур-а-Бленд, і з радасцю прымаю да нас, — сказаў Робін Гуд, калі яны моцна паціснулі адзін аднаму рукі.— Ты вялікі майстар арудаваць дубінай не горш за Маленькага Джона.

Артур папрасіў:

— Скажы мне хутчэй, дзе Маленькі мой Джон, Мне радасць ад слова твайго, Мы па маці радня, і чакаю я дня, Калі зноўку убачу яго.

— Ты хочаш стрэцца з Маленькім Джонам? — спытаў Робін Гуд. — Дык зараз убачыш яго, бо мой верны паплечнік ніколі не адыходзіцца далёка ад свайго ата мана.

Робін Гуд паднёс да рота ражок, і працяглыя высокія гукі прарэзалі паветра. Неўзабаве між дрэў замільгала вялікая постаць чалавека, які паспешліва бег да іх.

— Што здарылася, атаман? — закрычаў Маленькі Джон, спыніўшыся перад Робін Гудам. — Меч твой і лук валяюцца на зямлі, а ты стаіш, абапёршыся на дубіну. Насупраць цябе таксама стаіць нехта з дубінай. Відаць, табе добра папала. — Апошнія словы Маленькі Джон меў поўнае права сказаць, бо твар Робін Гуда ўвесь быў у запечанай крыві.

Робін Гуд засмяяўся і сказаў:

— Я ціха стаю. Ён прымусіў мяне — Вось гэты гарбар-прайдзісвет. Хлапец не прастак, на ўсе рукі мастак, Прадубіў маю скуру як след.

— Хвала яму за тое, што ён такі спрытны і дужы баец! — сказаў Маленькі Джон. — Але яму не ўдасца вырабіць добрую скуру з майго атамана, бо глядзець збоку я не буду. Калі ён такі майстар, няхай паспрабуе зрабіць гэта з маёй.

— He, не! — запярэчыў Робін Гуд. — Калатні ўжо было досыць. Да таго ж ганебная справа — бойка паміж сваякамі. Бо, калі я правільна зразумеў, гэты добры рамеснік кроўны твой родзіч. Завуць яго Артур-а-Бленд.

— Што?! Артур-а-Бленд, першая дубінка горада Нотынгема?! Гэта ж мой стрыечны брат! — усклікнуў Маленькі Джон.

— Ты не памыліўся, Маленькі Джон, гэта я, — сказаў гарбар, зрабіў крок наперад і адкінуў на плечы скураны капюшон.

— Сардэчна запрашаю, дарагі мой брат Артур, у наш Шэрвудскі лес! — радасна прамовіў Маленькі Джон, і сваякі моцна паціснулі адзін аднаму рукі. Артур сказаў:

— З сённяшняга дня гэты лес — мой дом. Разам з вамі буду я жыць і разам з вамі памру.

Робін Гуд быў шчаслівы, што ў яго атрад прыйшоў яшчэ адзін дужы і адважны чалавек, а Маленькі Джон і Артур-а-Бленд не маглі нарадавацца сустрэчы.

Усе яны пусціліся весела ў скокі. Маленькі Джон заспяваў задорную прыпеўку, астатнія двое падхапілі, і лес аж загуў ад іх гучных галасоў:

— Бо трое вясёлых нас, трое вясёлых, Нас трое вясёлых хлапцоў.

Раздзел адзінаццаты

Новы слуга шэрыфа

Аднаго дня, праз некалькі тыдняў пасля прыходу Артура-а-Бленда ў атрад Робін Гуда, у Шэрвудскі лес дайшлі чуткі, быццам нотынгемскі шэрыф зноў строіць нейкія каварныя планы і збірае вялікую сілу супраць сваіх ворагаў.

— Што на гэты раз прыдумаў шэрыф? — занепакоіўся Робін Гуд. — Ад шаўца Лоба няма ніякіх вестак.

— Хутка мы і так будзем усё ведаць, атаман, — сказаў Маленькі Джон. — Я сёння ж сам пайду ў Нотынгем і прынясу табе ўсе навіны, якія пачую на рыначнай плошчы альбо ў піўной. Там я пэўна дазнаюся, што нам рыхтуе шэрыф.