Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 39

Джон Фінемар

— He чапай ты сваю палку, хай застаецца, як ёсць, — безуважна ўсміхнуўся Артур-а-Бленд. — Я і гэткай аддубашу цябе як след. Добры дубовы сук даўжынёй восем з палавінай футаў бычка адным ударам зваліць, а цябе і пагатоў.

Пачуўшы такое, Робін Гуд ускіпеў. Маланкай мільгануў у паветры яго кій. Артур-а-Бленд не зусім удала адбіў удар, кій зачапіў галаву, і на ёй паказалася кроў. Гарбар адказаў імгненным, хітра нацэленым ударам. Робін Гуд не паспеў адхіснуцца, і на галаве ў яго таксама выступіла кроў. Так яны паквіталіся адзін з адным.

Спрытны ўдар і такі ж спрытны адказ паслужылі добрым урокам абодвум. Кожны з іх зразумеў, што перад ім упарты і хітры баец, і цяпер яны ўжо сталі біцца больш асцярожна. Яны рабілі падманныя выпады, наносілі ўдары і контрудары, адбівалі іх — толькі і чуўся стукат і грукат, калі тоўстыя дубовыя кіі сустракаліся ў паветры.

Артур-а-Бленд спадзяваўся атрымаць чарговую лёгкую перамогу, бо звычайна ніхто ў паядынку на дубінах не мог пратрымацца супраць яго больш за пяць хвілін. Але неўзабаве ён зразумеў, што гэты ахоўнік лесу — самы ўпарты праціўнік з усіх, з кім яму калі-небудзь даводзілася скрыжоўваць дубіну.

Робін Гуд таксама пераканаўся, што чалавек у скураным адзенні — спрытны праціўнік. Робін ужываў супраць яго ўсялякія хітрыя прыёмы — усе, якія толькі ведаў, але баец гэты ведаў такія, што яго дубіна яшчэ не раз і не два даставала Робін Гуда, а сам ён ні разу не дакрануўся сваім кіем да скураной курткі, хоць і прыкладаў увесь свой спрыт і сілу, імкнучыся да перамогі.

Кружылі вакол адзін аднаго, Як дзікі ля ахвяры сваёй, I кожны ўдар Робін Гуд і гарбар Наносілі з сілы усёй. Дубінамі біліся доўга яны — Мо дзве гадзіны запар, Аж у лесе гуло, і рэха пайшло, I пот заліваў увесь твар.

Нарэшце гэтыя вартыя адзін аднаго ваякі разышліся, страшэнна стомленыя, абаперліся на свае дубіны і прагна хапалі ротам паветра. Пот ручаямі цёк па іх тварах.

— Кінем дубіны, добры маладзец, — сказаў Робін Гуд. — Давай памірымся, a то пакалечым адзін аднаго дарэмна. Я дазваляю табе свабодна гуляць па Шэрвудскім лесе.

— Вялікі дзякуй, — засмяяўся Артур-а-Бленд, — але сваёй свабодай я абавязаны не табе, а вось гэтай дубіне.

— Чым ты займаешся, адкуль ты? — весела спытаў Робін Гуд. — Давай пазнаёмімся лепш.

— Гарбар з Нотынгема я, — Артур сказаў,— Дубільню там маю сваю.

Прыходзь да мяне, прадублю я табе Задарам шкуру тваю.

— Кідай свой чан, — сказаў яму Робін Гуд. — Ідзі лепш да мяне ў наш зялёны лес. Клянуся, я ніколі яшчэ не сустракаў больш спрытнага і храбрага чалавека, акрамя, вядома, Маленькага Джона.

— Маленькі Джон, ты сказаў? — усклікнуў Артур-а-Бленд. — Здаецца, я пачынаю разумець, хто гэтак зацята біўся са мной на дубінах. Як цябе завуць?

— Я — Робін Гуд, — пачуў ён адказ.

— Няхай заб’е мяне гром! — закрычаў гарбар. — Гэта ты, атаман разбойнікаў, што гуляюць па Шэрвудскім лесе? Душой я даўно ўжо з вамі, і вось табе мая рука. Мяне завуць Артур-а-Бленд. Я назаўсёды разам з вамі.