Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 38
Джон Фінемар
Артур не адрываў ад аленяў вачэй. Вецер дзьмуў збоку статка, і алені не чулі чалавека. Вялікі важак-пяцігодак ішоў наперадзе статка, і пальцы Артура засвярбелі. Яму захацелася зняць шкуру з гэтага цудоўнага самца. Ён прыладзіў цеціву да лука, паклаў на яе стралу і пачаў крадком падбірацца бліжэй да аленя.
Але Артур-а-Бленд не ведаў, што рослы, моцнага складу чалавек, апрануты ва ўсё ярка-зялёнае, уважліва сочыць за кожным яго рухам. Гэта быў Робін Гуд.
Спачатку Робін Гуд прыняў яго за аднаго са сваіх людзей, але скураная куртка з капюшонам падказалі яму, што ён памыляецца.
— He разумею, хто гэта можа быць, — прамармытаў Робін Гуд. — He з маіх людзей і не ляснік. Чаго ён прыйшоў сюды, у гэты лес? Падумаць толькі, гэты нягоднік спакойна цэліцца ў аднаго з нашых самых прыгожых аленяў!
Сказаўшы «нашых» аленяў, Робін Гуд меў на ўвазе самога сябе і караля, бо быў у лесе сапраўдны гаспадар і лічыў, што мае на яго і на ўсё, што тут ёсць, такія ж правы, як і кароль. Таму ён адразу схапіўся за зброю, калі ўбачыў, што нехта цэліцца з лука ў важака статка. Ён рушыў да незнаёмага і на хаду закрычаў:
Артур-а-Бленд уважліва аглядаў чалавека, які падыходзіў да яго.
«Гэта не ляснік, — разважаў ён, — я іх усіх да аднаго ведаю. А раз ён не ляснік, дык і баяцца няма чаго», — а ўголас сказаў:
— А сам ты хто такі, што гэтак грозна крычыш?
— Я ахоўнік лесу, — адказаў Робін Гуд. — Сцерагу аленяў для караля і для сябе. Таму я не дазволю табе тут паляваць.
— А дзе астатнія? — спытаў Артур-а-Бленд.
— Якія астатнія? — не зразумеў Робін Гуд.
— А тыя, без каго ты не перашкодзіш мне рабіць, што захачу, — шырока ўсміхнуўся Артур-а-Бленд.
Запальчывага Робін Гуда ўзяў за жывое дзёрзкі намёк незнаёмца, быццам ён адзін не справіцца з ім.
— He, — сказаў Робін Гуд, — ніхто мне больш не патрэбны. He выпрабоўвай маю цярплівасць, прыяцель, a то раскалю твой чэрап за такую дзёрзкасць.
Але чалавек не спужаўся, толькі яшчэ шырэй усміхнуўся.
— Паслухай, шаноўны ахоўнік лесу, — сказаў ён, — ты маеш меч і лук, але навошта нам небяспечная гульня? Вунь ляжыць на траве, там, дзе ты стаяў, дубіна. Вазьмі яе, а я вазьму сваю, і паглядзім, хто каго.
— Яна мне паслужыць не горш за меч або лук. Я адаб’ю ў цябе ахвоту совацца ў гэты лес, — і Робін Гуд пайшоў па сваю дубіну.
Ён адшпіліў рэмень, паклаў на зямлю меч і побач з ім лук, узяў у руку свой цяжкі дубовы кій і стаў перад гарбаром.
Артур-а-Бленд падняў дубіну для замаху. Робін Гуд адразу зразумеў, што перад ім умелы праціўнік.
— Пачакай хвілінку, — сказаў ён. — Біцца будзем сумленна — у славу добрай старой Англіі! Мая палка, здаецца, даўжэйшая за тваю. Давай памераем, і я крыху пакарачу сваю, каб дужацца як роўным.