Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 37
Джон Фінемар
— Гуд! Гуд! Робін Гуд!
Конская галава адкінулася назад, і паказаўся твар, але не сэра Гая Гізбарна. Нехта з шэрыфавых людзей загарлаў:
— Сам Робін Гуд! Засада! Засада! Уцякайма, хлопцы, a то канцы нам будуць! — З перапуду ён падумаў, што на іх напала ўся разбойная шайка. Астатнія таксама гэтак падумалі, і ўвесь вялікі атрад лучнікаў і кап’ёўшчыкаў кінуўся ўцякаць ад двух дужых і спрытных стралкоў. А дзе ж іхні начальнік — шэрыф? Ён першы даў драла і шалёна гнаў каня наўскач як найдалей ад небяспекі.
Але шэрыф усё ж не пазбег кары. Маленькі Джон прыцэліўся, і тоўстая страла загула, засвісцела ў паветры і ўваткнулася ў правае плячо ўцекача. Шэрыф застагнаў ад болю і, праклінаючы той дзень і гадзіну, калі вырашыў цвёрдай рукой раз і назаўсёды пакончыць з Робін Гудам, памчаўся ў Нотынгем.
Раздзел дзесяты
Робін Гуд у гарбара
У горадзе Нотынгеме ўсе ведалі, хто самы спрытны баец на дубінах, тут не было дзвюх думак. Калі хто-небудзь чужы прыходзіў у горад і выклікаў нотынгемцаў на паядынак, тыя толькі хітра пасмейваліся і выстаўлялі супраць прышлага Артура-а-Бленда. Чалавек пакідаў Нотынгем з памятымі рэбрамі, Артур-а-Бленд жа вяртаўся да сваёй будзённай справы — вырабу валовых скур. I такая вялікая была ў яго слава, што толькі людзі з далёкіх мясцін паддаваліся ўгаворам паспаборнічаць з ім. Усе мясцовыя асілкі спазналі ўжо страшную сілу яго тоўстага кія і без бою аддавалі яму першае месца.
Артур-а-Бленд быў цудоўны гарбар, усёй душою адданы свайму рамяству. Але ён вельмі любіў зялёную раскошу лесу, і часта, калі скроб валовую скуру ці намочваў дубільную кару, думкі яго адляталі далёка ад бруднага чана і пераносілі ў прыемныя глыбіні лесу з іх азоранымі сонцам палянамі, дзе водзяцца плямістыя высакародныя алені, якія імкліва прабягаюць пад цяністымі шатамі магутных дубоў.
Аднойчы прыгожым летнім ранкам ён кінуў працу і вырашыў — хай будзе, што будзе, — правесці гэты цудоўны дзень у зялёным лесе, каб палюбавацца на дзікіх аленяў, насыціцца вольным жыццём пад адкрытым небам, па якім ён ужо даўно сумаваў. Ён узяў лук, стрэлы і вялікую дубіну, без якой ні на крок не адлучаўся з дому, і падаўся ў Шэрвудскі лес.
Дзень выдаўся спякотны. Артур-а-Бленд амаль тры гадзіны гуляў па лесе, усё глыбей і глыбей забіраючыся ў яго. Ён ужо крыху прытаміўся, таму прылёг адпачыць на імшысты грудок пад купкай ляшчынніку. Нечакана перад яго вачамі паўстаў цудоўны малюнак: па паляне да яго набліжаўся статач зграбных плямістых аленяў.