Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 36
Джон Фінемар
Шэрыф заспяшаўся насустрач дзіўна апранутаму чалавеку. Твар яго хаваўся пад конскай галавой, цела ахутвала вялікая шкура з густой грывай, якая развявалася на плячах, ззаду матляўся хвост.
— Якая радасць! Якая вялікая радасць, сэр Гай! — закрычаў шэрыф, калі яны сышліся. — Ну што, сустрэў Робін Гуда?
— А як жа, пан шэрыф, — пачуўся адказ з-пад конскай галавы. — Гай Гізбарн і Робін Гуд сустрэліся ў гэтым лесе. I калі вы пажадаеце прайсці дзве мілі на поўдзень адсюль, вы знойдзеце пад векавым дубам чалавека ў плашчы Робін Гуда.
— Добрая вестка! Цудоўная вестка! — закрычаў шэрыф, паціраючы рукі.— Значыць, сёння мы ачысцілі Шэрвудскі лес ад двух ліхадзеяў, ад маіх самых небяспечных ворагаў. Бо калі ты забіў атамана, дык я схапіў яго галоўнага памочніка. Зірні вунь туды, сэр Гай. Велікан, што прывязаны да дрэва, не хто іншы, як сам Маленькі Джон!
— Маленькі Джон! — здзівіўся чалавек у конскай шкуры. — Няўжо сапраўды Маленькі Джон?
— А хто ж яшчэ! Ён самы! — рагатнуў шэрыф. — О шчаслівы дзень! Цяпер мы разгонім усю банду! Важак і яго галоўны прыслужнік знішчаны, астатнія разбойнікі ўцякуць з гэтага лесу хто куды, клянуся! Ну, а цяпер, дарагі сэр Гай, ты ж, напэўна, хочаш атрымаць узнагароду?
— Вядома, пан шэрыф, — адказала конская галава. — Я патрабую ўзнагароду, і вось якую: важака я забіў, дазвольце забіць і яго прыслужніка.
— А тры сотні золатам, якія я абяцаў? — ледзь не задыхнуўся ад нечаканасці шэрыф.
— Грошай мне не трэба, — пачуўся адказ.
Шэрыф здзіўлена вылупіўся на конскую галаву, у вачах у яго мільганула хітрая ўсмешка. «Сэр Гай няйначай з розуму крануўся ці д’яблу душу аддаў. Я дазволю яму забіць разбойніка, а грошы пакладу сабе ў кішэню». Акрамя самога сябе шэрыф любіў яшчэ толькі адно — грошы, і таму паспешліва згадзіўся.
Чалавек у конскай шкуры падышоў і спыніўся непадалёку ад прывязанага да дрэва волата.
— Сапраўдны асілак! — прамовіў ён.
Маленькі Джон адразу пазнаў голас Робін Гуда і ледзь прыкметна здрыгануўся.
I тут конская галава крыху прыўзнялася, быццам сэр Гай Гізбарн хацеў лепш разгледзець славутага разбойніка. Маленькі Джон, вокам не маргнуўшы, уставіўся ў знаёмы твар — твар свайго сябра — і ціхенька сказаў:
— Нябёсы пажадалі вызваліць мяне з няволі.
— Важака я забіў вось гэтым мячом, а прыслужніка яго закалю нажом, — сказаў чалавек у конскай шкуры і дастаў з-пад яе доўгі нож з вострым лязом.
Усе — і шэрыф, і яго людзі — шчыльна абступілі ўяўнага сэра Гая, але той замахаў рукамі:
— Адыдзіцеся, адыдзіцеся, далей, далей! Чалавек гэты павінен памерці, і я адзін выслухаю яго апошнія словы і жаданні.
Сэр Гай падышоў да палоннага. Нож замільгаў у яго руках. Неўзабаве вяроўкі апалі, і Маленькі Джон апынуўся на волі. Робін Гуд імгненна перадаў яму лук і стрэлы сэра Гая, а сам з-пад конскай шкуры выхапіў свой лук. He паспелі шэрыф і яго людзі і пальцам варухнуць, як на іх пасыпаліся стрэлы разбойнікаў. Маленькі Джон крычаў грамавым голасам: